2015-02-23 15:35:00

Ісусава малітва. Агульныя звесткі


Бліжэйшыя некалькі нашых праграмаў будуць прысвечаны ісусавай малітве. Што гэта за малітва? Чым яна адрозніваецца ад іншых метадаў малітвы? Навошта столькі розных спосабаў малітвы? Магчыма гэтыя ды іншыя пытанні паўстаюць у вас. Паступова пачнем адказваць на іх.

Які метад лепш? Хто можа маліцца Ісусавай малітвай?

Знаёмячы вас з рознымі метадамі малітвы, я зусім не хачу, каб у вас склалася ўражаньне, што ёсць нейкія больш дасканалыя ці меней дасканалыя метады. Сам па сабе метад нічога не варты - важна сама малітва. Сутнасць жа малітвы ў тым, каб атрымаць вопыт узаемаадносін з Богам, метад жа пакліканы нам у гэтым у дапамогу.

У апісаннях Ісусавай малітвы можна не раз сустрэць папярэджанне, што маўляў самому вучыцца такой малітве нельга, але толькі пад кіраўніцтвам вопытнага духоўнага настаўніка. У гэтым ёсць доля праўды. Аднак я перакананы, што калі чалавек шукае Бога, а не нейкіх "адмысловых" перажыванняў, іншымі словамі мае адпаведны правільны намер (інтэнцыю), то адсутнасць настаўніка яму не пашкодзіць. Адзінае патрабаванне для такога чалавека - быць у сулучнасьці з Каталіцкаю Царквою.

Пад "сулучнасьцю" з Царквою я маю на ўвазе, што чалавек рэгулярна ходзіць на Споведзь (1 раз у месяц, або 1 раз на 2 месяцы), рэгулярна прыступае да Прычасьця (Камуніі) (кожную, ці амаль кожную нядзелю), ну і, вядома, чытае па меры сваіх сіл Святое Пісанне. Тым, хто не згодны або сумняваецца ў гэтых саветах, таму далей слухаць не рэкамендуецца.

Некаторыя асаблівасці ісусавай малітвы

Ісусавая малітва носіць інтраспектыўны характар, г.зн. што той, які моліцца быццам глядзіць унутр сябе. Вядома, кожная малітва ў нейкім сэнсе інтраспектыўна, аднак у ісусавай малітве ёсць свая асаблівасць. У адрозненне ад ігнаціанскага метаду малітвы, мы не ўпарадкоўваем нашую фантазію, разважанні, пачуцці і эмоцыі, але як-быццам «выключаем» або лепш сказаць абыходзім іх. Наша мэта - «чыстая малітва», кантэмпляцыя, сузіранне!

Як жа гэта зрабіць? Мы дасягаем гэтага праз паўтарэнне тэксту ісусавай малітвы «Госпадзе, Ісусе Хрысьце, Сыне Божы, памілуй мяне грэшнага» і праз пошук ўнутры сябе свайго «цэнтра», свайго «сэрца», месца дзе чалавек сустракаецца з Богам. Лёгка здагадацца, што малітва гэтая мае свае карані ў Евангеллі, і ёсць парафразай слоў сляпога Варцімея: «Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычаць і казаць: Ісус, Сын Давідаў! памілуй мяне» (Мк 10, 47).

У пошуках малітоўнага ўвагі – «кароткія малітаўкі»

Адкуль жа ўзялася сучасная форма ісусавай малітвы? Не з'явілася яна адразу, але прайшоў некаторы час, тагачасныя хрысціяне, асабліва манахі прайшлі пэўныя этапы на сваіх малітоўных дарогах. Старадаўнія Айцы Пустыні практыкавалі ўнутраную медытацыя (krypte melete). Палягала яна ў тым, што манахі разважалі (і паўтаралі думках, а часам і шэптам) вершы Святога Пісання.

У пошуках найлепшага спосабу канцэнтрацыі (малітоўнай ўвагі), Айцы Пустыні спрабуюць маліцца адным нязменным заклікам. Практыка кароткіх часта паўтараных малітваў развілася ў IV-VII стагоддзях. Звычайна выкарыстоўваўся адзін верш з Евангелля або псальму.

У заходняй хрысціянскай традыцыі прынята называць такую форму малітвы «стрэлістымі актамі». На хрысціянскім Усходзе такую малітву называюць «аднаскладовай» (маналягічный). Грэцкае слова monologistos азначае літаральна «адно слова» або «адзін сказ». Такое акрэсленне дапускае выкарыстання лаканічнага выразу, формулы, якая вызначае настрой душы.

Айцы Пустыні карысталіся рознымі «малітаўкамі». У кожнага была і свая любімая малітоўная формула. Напрыклад, Макарый Вялікі вучыў нястомна паўтараць: «Госпадзе, паводле волі Тваёй памілуй мяне!". У Яна Касьяна Рымляніна затое быў любімы верш з псальму: «Пасьпяшайся, Божа, пазбавіць мяне, пасьпяшайся, Госпадзе, на дапамогу мне» (Пс 69,2). Дыядох Фаційскі раіў зусім караценькі выраз: «Госпадзе Ісусе». Карысталіся, вядома ж, і выразам «Госпадзе, памілуй», якое пазней увайшло ў багаслужэнне.

Формула ісусавай малітвы

Першы раз найбольш поўная формула ісусавай малітвы: «Госпадзе, Ісусе Хрысьце, Сыне Божы, памілуй мяне», з'яўляецца ў жыціі егіпецкага манаха аввы Філімона (меркавана, што жыў ён у VII стагоддзі). Заканчэнне «грэшнага» з'явілася значна пазней, магчыма ў позняй Візантыі.

Я ўжо звяртаў увагу, што Ісусавага малітва з'яўляецца парафраз слоў сляпога Варцімея ў Евангеллі: «Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычаць і казаць: Ісус, Сын Давідаў! памілуй мяне» (Мк 10, 47). Пераклікаецца яна таксама з малітвай мытара і настойлівай просьбай хананейкі. Усе пералічаныя фрагменты Евангелля выказваюць просьбу аб літасці і дапамогі, выклікаюць пачуццё пакоры, надзеі, даверу і падзякі.

Ісусавая малітва з'яўляецца таксама своеасаблівым «сімвалам веры", бо змяшчае акрэсленні таго, кім з'яўляецца Ісус.

Першая частка малітвы: «Госпадзе, Ісусе Хрысьце, Сыне Божы», называе Ісуса Госпадам. «Госпад» - гэта біблейскі «сінонім» такіх паняццяў, як «Месія», «памазанік», «Хрыстос». Выраз «Сыне Божы» кажа аб боскай прыродзе Ісуса Хрыста. Другая частка малітвы «памілуй мяне грэшнага» адлюстроўвае асабістае стаўленне чалавека да самога сябе і разуменне таго, што моц, каб змяніцца, зыходзяць ад Бога.

а. Андрэй Буйніч








All the contents on this site are copyrighted ©.