2015-02-23 15:49:00

Дэкалог і сумленне


Неўзабаве разпачнецца Вялікі Пост і таму сёньня і ў бліжэйшыя перадачы я хачу паразважаць аб дэкалоге — дзесяці Божых Запаведзях. Менавіта сёньня я хачу агульна распавесьці пра Дэкалог і яго сувязь з чалавечым сумленьнем. Наперад!

Ці патрэбны Дэкалог?

Тэма на першы погляд не арыгінальная – ДЭКАЛОГ, ці іншымі словамі “Дзесяць Божых запаведзяў”. Дзесяць запаведзяў ведаюць… ці лепей сказаць ПРА дзесяць запаведзяў ведаюць амаль усе людзі, нават тыя, якія ня маюць да хрысьціянства асаблівага дачыненьня. Аднак, я ня ўпэўнены, што ўсе хрысьціяне ясна ўсьведамляюць, што кожная з іх азначае.

Нам, хрысьціянам, здаецца, што Дэкалог Старога Запавету не такі ўжо для нас важны: Ісус у Новым Запавеце дае нам больш дасканалыя запаведзі – запаведзі любові. Меркаваньне такое, аднак, зьяўляецца памылковым. Дэкалог нам вельмі і вельмі патрэбны, а веды нашыя пра яго часта павярхоўныя. Сёньня, як я ўжо зазначыў на пачатку, я хацеў бы агульна распавесьці (1) пра Дэкалог, а таксама ўказаць на (2) ўзаемаадносіны, якія існуюць паміж Дэкалогам, з аднаго боку, і сумленьнем – з другога.

Нумарацыя запаведзяў

Адразу хачу зазначыць, што існуюць дзьве традыцыі нумерацыі запаведзяў. Першая з іх – усходніх Айцоў Царквы, другая – катэхітычная традыёцыя сьв. Аўгустына (ужытая ў Катэхізме Каталіцкай Царквы). Большасьць слухачоў напэўна знаёмая з нумарацыяй запаведзяў менавіта паводле Катэхізму. Справа ў тым, што ў самім Сьвятым Пісаньні няма выразнага падзелу запаведзі, таму згодна з традыцыяй Аўгустына першая запаведзь фармулюецца так: «Я Госпад Бог Твой, ня мей іншых багоў апроч Мяне». Аднак сам тэкст Бібліі дае падставу, каб разбіць гэтую запаведзь на дзьве: «Я Госпад Бог Твой, ня мей іншых багоў апроч Мяне» і «Не ствары сабе куміра», што і робяць усходнія Айцы Царквы. Паўстае пытаньне: як мажліва, што застаецца 10 а не 11 запаведзяў?

Справа ў тым, што две апошнія запаведзі (згодна падзелу Аўгустына) усходнія Айцы Царквы спалучаюць у адну: «Не пажадай дабротаў бліжняга свайго». Асабіста мне падаецца больш ўдалым падзел сьвятога Аўгустына і каб не было блытаніны, то ў гэтых разважаньнях пра дэкалог я буду карыстацца менавіта ягонай нумарацыяй.

10 запведзяў — у Катэхізме і Сьвятым Пісаньні

Дэкалог (“дзесяць слоў”), ці сьпіс дзесяці запаведзяў знаходзіцца ў Бібліі ў кнізе Выхаду і ў кнізе Другазаконьня. Напачатку я буду зачытваць запаведзь у фармуліроўцы Катэхізму, а далей зачытваць фрагмент з кнігі Другазаконьня, які адпавядае даннай запаведзі.

I. Я Госпад Бог Твой, ня мей іншых багоў апроч Мяне - Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства; хай ня будзе ў цябе іншых багоў прад абліччам Маім. Не рабі сабе балвана і ніякай выявы таго, што на небе ўгары і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі, не пакланяйся ім і ня служы ім; бо Я Гасподзь, Бог твой, Бог руплівец, Які за правіну бацькоў карае дзяцей да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня што ненавідзяць Мяне, Які творыць міласьць тысячам тых, хто любіць Мяне і шануе запаветы Мае. (6-10).

II. Не ўжывай надарэмна імя Божага (не гавары імя Божага без патрэбы) - Не вымаўляй імя Госпада, Бога твайго, марна; бо не пакіне Гасподзь без пакараньня таго, хто ўжывае імя Ягонае марна. (11)

III. Помні дзень сьвяты сьвяткаваць - Сачы за днём суботнім, каб сьвята шанаваць яго, як наказаў табе Гасподзь, Бог твой; шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія працы твае, а дзень сёмы субота Госпаду, Богу твайму: не рабі ніякае працы, ні ты, ні сын твой, ні дачка твая, ні раб твой, ні рабыня твая, ні вол твой, ні асёл твой, ні ўсякае быдла тваё, ні прыхадзень твой, які ў цябе, каб адпачыў раб твой і рабыня твая, як і ты; і памятай, што быў рабом у зямлі Егіпецкай, але Гасподзь, Бог твой, вывеў цябе адтуль рукою моцнаю і мышцаю высокаю, таму і загадаў табе Гасподзь, Бог твой, сьвяткаваць дзень суботні. (12-15).

IV. Паважай бацьку твайго і маці тваю, каб добра было табе і каб ты жыў доўга на зямлі - Шануй бацьку твайго і маці тваю, як загадаў табе Гасподзь, Бог твой, каб падоўжыліся дні твае, і каб добра было табе на той зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе. (16).

V. Не забівай  - Не забівай (17).

VI. Ня чужалож - Ня чыні пералюбу (18).

VII. Не крадзі - Ня крадзь (19).

VIII. Ня сьведчы фальшыва на бліжняга твайго (гавары праўду) - Не кажы фальшывага сьведчаньня на блізкага твайго (20).

IX. Не пажадай чужой жонкі - Не жадай жонкі блізкага твайго (21а)

X. Не прагні нічога, што не тваё (ня квапся на чужое) - і не жадай дома блізкага твайго, ні поля ягонага, ні раба ягонага, ні рабыні ягонай, ні вала ягонага, ні асла ягонага, ні ўсяго, што ёсьць у блізкага твайго. (21б)

Актуальнасьць Дэкалогу

У старазапаветны час Дэкалог зьяўляўся цэнтральным дакументам у Законе ізраільскага народу, ня страціў ён актуальнасьці і ў часы Новага Запавету, гэта значыць і ў наш час. На працягу амаль трох тысячагодзьдзяў Дэкалог аказваў і аказвае ўплыў на цывілізацыю і культуру. Тое, што сучасны чалавек называе “агульначалавечымі каштоўнасьцямі”, прыйшло да нас менавіта са старонак Сьвятога Пісаньня і ёсьць канстытуцыйнай часткай Дэкалогу.

Зьмест Дэкалогу традыцыйна разьдзяляюць на дзьве часткі: першая частка – гэта першыя тры запаведзі, якія апісваюць адносіны чалавека да Бога, апошнія сем рэгулююць маральныя адносіны людзей паміж сабой. Важнай асаблівасьцю Дэкалога зьяўляецца тое, што ён гарманічна аб’ядноўвае ў сабе гэтыя дзьве часткі. Дзякуючы такому спалучэньню Дэкалог стаецца ня проста гуманным законам, аптымальным для грамадства, зручным для жыцьця тут, на зямлі, але атрымлівае непарушныя падставы ад Бога.

Сумленьне — партатыўны Дэкалог?

У нашыя часы навука Каталіцкай Царквы зьвярнула асаблівую ўвагу на сумленьне чалавека, падкрэсліваючы, што яно зьяўляецца маральнай нормай паводзінаў чалавека. Можна нават сказаць, што сумленьне – гэта такі “партатыўны”, ці “мабільны” дэкалог, які заўсёды з намі. Калі гэта так, то ці маем патрэбу ў двух дэкалогах? Адказ на гэтае пытаньне адназначны: так, нам неабходныя абодва дэкалога!

Сумленьне – гэта, паводле акрэсьленьня Катэхізісу Каталіцкай Царквы, голас Бога ў сэрцы чалавека. Ён нам падказвае, што добра, а што дрэнна. Сумленьне – гэта такі інструмент, які дазваляе нам вырашаць, што зьяўляецца дабром, а што злом у рэальных жыцьцёвых сітуацыях. Аднак, як добра ведаем з жыцьця, гэты голас гаворыць розным людзям па-рознаму. Інакш: колькі людзей, столькі сумленьняў. Што забараняе сумленьне аднаму чалавеку, другому чалавеку яно лёгка дазваляе. У чым жа праблема? Праблема ў тым, што голас Бога ў нашых сэрцах мы чуем па-рознаму. Хтосьці мае ўражлівы слых, хтосьці нармальны, а хтосьці трошкі, ці зусім глухі. Падыходзім да вельмі важнага сьцьверджаньня: сумленьне – гэта суб’ектыўная маральная норма.

Сумленьне падобнае да забруджанага люстэрка: чым больш яго чысьцім, тым лепей бачым у ім сваё аблічча. Працэс ачышчэньня люстэрка – гэта ёсць працэс фармаваньня, выхаваньня сумленьня. Каб правільна сфармаваць сумленьне трэба яго суадносіць з нейкімі аб’ектыўнымі нормамі, зборам жа такіх аб’ектыўных нормаў і зьяўляецца Дэкалог. Вось яшчэ адно важнае сьцьверджаньне: дэкалог – аб’ектыўная маральная норма. Нашым хрысьціянскім пакліканьнем ёсьць выхаваньне, фармаваньне свайго сумленьня, і ў гэтым нам дапамагае Дэкалог. У наступных перадачах мы пяройдзем да разважаньня паасобных запаведзяў, якія ў ім знаходзяцца.

а. Андрэй Буйніч

 

На гэтым я развітваюся з вамі. У эфіры была праграма «З сэрцам у кантакце» і я, яе вядучы а. Андрэй Буйніч. Вашыя водгукі і пытаньні дасылайце на эмэйл zsercam@gmail.com. Да хуткай сустрэчы.








All the contents on this site are copyrighted ©.