2015-02-22 12:18:00

На ватыканскай плошчы раздалі дапаможнікі па духоўным жыцці


22 лютага 2015 г. на плошчы св. Пятра былі раздадзены каля 50 тыс. экзэмпляраў кішэнных дапаможнікаў па духоўным жыцці пад назвай “Барані сэрца”. Звяртаючыся да вернікаў пасля малітвы “Анёл Панскі” папа Францішак пажадаў, каб гэта выданне дапамагло ім у навяртанні і духоўным росце, які заўсёды пачынаецца ад выхавання сэрца. Менавіта тут, на думку Святога Айца, адбываецца штодзённая барацьба паміж выбарам дабра і зла, марнасцю і Евангеллем, абыякавасцю і ўдзелам.

У раздачы дапаможнікаў прымалі ўдзел шматлікія валанцёры, сярод якіх было каля 100 рымскіх бяздомных. Пад кіраўніцтвам апостальскага элемазінарыя арцыбіскупа Конрада Краеўскага яны здзейснілі пілігрымку і прыбылі на ватыканскую плошчу, каб будучы беднымі матэрыяльна, падзяліцца багаццем, якое дае вера.

Выданне змяшчае на сваіх старонках шэраг духоўных парадаў запісаных у 5-7 раздзелах Евангелля паводле св. Мацвея. Гаворка ідзе пра восем благаслаўленняў, заклік да дасканаласці, збірання скарбаў на небе, выканання волі Пана і іншыя запаведзі, якія Езус Хрыстус пераказаў сваім вучням. Дапаможнік прапануе вернікам практыкаваць дзве традыцыйныя духоўныя практыкі, якія і сёння не губляюць сваёй актуальнасці: “lectio divina”, гэта значыць чытанне і разважанне над Божым словам, і штодзённы вячэрні рахунак сумлення. 








All the contents on this site are copyrighted ©.