2015-02-21 11:28:00

Італьянскі іканапісец пакінуў сваю працу ў Беларусі


З пачатку Вялікага посту ў гомельскім касцёле Нараджэння Божай Маці працуе незвычайны сямейны падрад: бацька з сынам з Італіі адмыслова прыехалі ў Гомель, каб упрыгожыць новай фрэскай мясцовую святыню. Вядомы італьянскі іканапісец Фабіа Нанэс і ягоны сын Ізмаіл ўжо працавалі ў гомельскім касцёле тры гады таму – яны напісалі алтарны абраз на сцяне касцёла. Дарэчы, не ў раманскім, а ў візантыйскай стылі. Бо спачатку ў святыні з’явіліся “візантыйскія” іконы Крыжовага шляху, якія пісалі манахі з Літвы, вучні Фабіа. Але калі паўстала неабходнасць пісаць алтарны абраз, вучні не адважыліся ўзяцца за такую справу і адрасавалі да свайго настаўніка. Фабіа адразу пагадзіўся прыехаць у Гомель, бо даўно марыў выканаць фрэску дзесьці на Усходзе Еўропы.

Пасля заканчэння ліцэя мастака вельмі ўразіла іканаграфія, і менавіта гэта ён распазнаў як сваё пакліканне ад Бога. З тых часоў Фабіа займаецца тым, што піша іконы і фрэскі. Сын Ізмаіл заўсёды дапамагае ў вялікіх праектах, бо для яго гэта добрая практыка – цяпер ён займаецца вывучэннем у вышэйшай навучальнай установе сучаснай скульптуры. Найбольш вядомы гэты сямейны падрад у Італіі, дзе бацька з сынам распісвалі святыні ў правінцыях Падуя, Венецыя, Балонія, таксама некалькі адметных фрэсак пакінуты ў святынях Рыма. А за межамі Італіі першая праца – у беларускім Гомелі. Аб гэтым Фабіа Нанэс распавядае ў інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.

“Я вельмі спадзяюся, што мая праца будзе служыць узрастанню ў веры мясцовых парафіянаў і даваць ім надзею. Кампазіцыя прадстаўляе другое прыйсце Езуса Хрыста. Першае Яго прыйсце было звязана з міласэрнасцю, любоўю, да якой Ён заклікаў. А другое прыйсце будзе звязана з Судом. Гэта будзе ўжо падзел на тых, хто прыняў запрашэнне ад Бога, і на тых, хто не захацеў зрабіць гэта. Бо кожны мае волю, кожны вырашае сам. І крытэрам гэтага суду будуць справы міласэрнасці, любові. Дванаццаць апосталаў разам з Езусам засядаюць на гэтым судзе. Бачым на карціне памерлых, што ўваскрасаюць, таксама прадстаўлена пекла – месца жахлівае, бо тыя, хто там знаходзяцца, поўныя нянавісці. І грэх робіць іх вязнямі, звязвае, таму на гэтых людзей накладзены ланцугі. Гэтыя людзі таксама атрымаюць целы на Апошнім судзе, але целы гэтыя будуць страшнымі. Гэтыя людзі вельмі злыя і поўныя нянавісці, безнадзейнасці. Бог не можа прыняць да Сябе тых, хто гэтага не хоча”, - паслучачыў іканапісец.

Таксама сярод праведнікаў – Панна Марыя, якая з першага па другое прыйсце Хрыста вельмі шмат моліцца і працуе над тым, каб дапамагчы ва ўзрастанні ў веры іншым. Бачым і таго злачынцу, якога ўкрыжавалі разам з Езусам, і які навярнуўся перад смерцю. Відаць таксама, як агонь Божага суда ідзе ад Езуса. А вакол Яго – серафімы, якія прадстаўляюць любоў, і яшчэ два анёлы, якія абвяшчаюць прысуд.

“Калі вернікі пасля св. Імшы будуць выходзіць са святыні, фрэска будзе нагадваць ім аб тым, што яшчэ ёсць час Божай міласэрнасці. Але прыйдзе іншы момант. Таму не трэба адкладаць на заўтра справы міласэрнасці”, - сказаў Фабіа Нанэс.

Трэцяя фрэска італьянцаў, якая запланавана ў гомельскай святыні, павінна з’явіцца з часам на першым паверсе касцёла ў капліцы для хросту. Дарэчы, як сапраўдны іканапісец, Фабіа Нанэс не пакідае подпісу на сваіх працах, бо лічыць сябе  проста слугой Божым.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.