2015-02-21 14:24:00

Пантыфік сустрэўся з Канцлерам Германіі


21 лютага 2015 г. Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане Канцлера Федэратыўнай Рэспублікі Германія Ангелу Меркель. Пасля сустрэчы з Пантыфікам яна правяла размову таксама з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам. У сувязі з маючым адбыцца ў Баварыі самітам “Вялікай сямёркі”, асаблівая ўвага была ўдзелена розным пытанням міжнароднага характару, з асаблівым акцэнтам на барацьбу з беднасцю і голадам, эксплуатацыю чалавека, правы жанчын, праблему развіцця аховы здароўя ў свеце і абарону навакольнага асяроддзя. Размова ішла таксама пра сітуацыю з правамі чалавека і рэлігійнай свабодай у розных частках свету. Падкрэслівалася важнасць духоўных каштоўнасцяў у жыцці грамадства. У сваёй заяве пасля ватыканскіх сустрэч, Зала Друку Святога Пасаду паведаміла, што падчас іх была разгледжана сітуацыя ў Еўропе і падкрэслена неабходнасць мірнага ўрэгулявання канфлікту ва Украіне.

Сустрэча паміж Ангелай Меркель і папам Францішкам працягвалася каля 40 хвілін. У якасці падарунка, Канцлер уручыла Пантыфіку калекцыю кампакт-дыскаў з творамі Ёгана Себасцьяна Баха. Яна таксама ахвяравала ад федэральнага ўрада суму грошай для дзяцей-бежанцаў на Блізкім Усходзе. Францішак падзякаваў Меркель на нямецкай мове і ўручыў сувенірны медаль з выявай св. Марціна.

Гэта быў другі візіт Канцлера ў Ватыкан падчас бягучага пантыфікату. У маі 2013 г. яна ўжо сустракалася з Францішкам на прыватнай аўдыенцыі, а ў сакавіку 2013 г. прыняла ўдзел у яго інаўгурацыйнай св. Імшы.








All the contents on this site are copyrighted ©.