2015-02-21 14:40:00

Ангела Меркель: сустрэча з Папам была вельмі станоўчай


Канцлер Германіі Ангела Меркель назвала вельмі станоўчай сустрэчу са Святым Айцом. Пасля візіту ў Ватыкан 21 лютага 2015 г., нямецкі палітык падзялілася сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з Пантыфікам з журналістамі. “Я мела радасць і магчымасць распавесці Францішку пра планы на перыяд старшынства Германіі ў “Вялікай сямёрцы” – гэта было галоўнай мэтай майго візіту і я, канешне, задаволена, што гэтыя планы і тэмы маюць вялікае значэнне для Папы і Касцёла. Гаворка ідзе ў першую чаргу пра выкараненне беднасці”, - падкрэсліла канцлер.

Ангела Меркель падзялілася з Пантыфікам намерамі Германіі адносна барацьбы з хваробамі ў бедных рэгіёнах планеты. “На працягу наступных гадоў каля 300 млн. дзяцей – перш за ўсё ў Афрыцы – пройдуць вакцынацыю і, такім чынам, мы паспрыяем іх здароваму развіццю”, - сказала яна.

Нямецкі канцлер падкрэсліла, што абмеркавала з Папам тэму абароны правоў жанчын, экалагічныя праблемы і канфлікт ва Украіне. “У гэтыя дні ўкраінскія біскупы былі ў Ватыкане. Таму, я думаю, што Папа быў упоўні паінфармаваны аб сітуацыі”, - падкрэсліла палітык.








All the contents on this site are copyrighted ©.