2015-02-19 17:41:00

Чым скончылася барацьба з ерассю катараў?


Праз чатыры гады пасля заканчэння чацьвёртага Крыжовага пахода, у выніку якога быў разрабаваны Канстантынопаль, папа Інакенці ІІІ, аб’явіў аб пачатку новага крыжовага пахода. На гэты раз вораг не знаходзіўся за далёкімі марамі, але ў цэнтры хрысціянскага свету – на поўдні Францыі. Гэта тэрыторыя была ахоплена адной з самых небяспечных ерасяў, вызнаўцаў якой тэолагі і гісторыкі называлі катарамі (чыстымі) ці альбігойцамі, ад мястэчка Альбі, у міжземнаморскай Францыі. Самі катары называлі сябе “добрымі хрысціянамі”. Іх крывёй была напісана адна з самых крывавых старонак гісторыі, а для барацьбы з імі Касцёлам была створана знакамітая інквізіцыя. Менавіта аб катарскай ерасі пойдзе гаворка ў сённяшняй праграме.

Хоць мэтай крыжовага паходу супраць катараў было вызваленне людзей з палону дэструктыўных і чалавеканенавісных ідэй, аднак для многіх людзей гэта падзея стала плямай на чысціні Касцёла. Паводле нямецкага гісторыка Міхаэля Хэзэмана, крыжовы паход супраць ератыкоў, “якія не жадалі нічога іншага акрамя ўласнай смерці, прынёс ім сапраўдную бесмяротнасць”. 

Светапогляд катараў мае свае карані ў адной з ерасяў ІІІ ст. якая называецца маніхейства. Яе заснавальнікам быў Мані, а адным з прыхільнікаў, некаторы час, да навяртання ў хрысціянства, быў св. Аўгустын. На захадзе Еўропы гэта ерась была асуджана Касцёлам, і не атрымала шырокага распаўсюджання. А вось на ўсходзе наадварот знайшлося шмат яе паслядоўнікаў. Некаторыя з ератычных прапаведнікаў, на пачатку ХІІ ст. прыбылі на поўдзень Францыі, дзе знайшлі шмат прыхільнікаў.

Маніхейства ўключала ў сябе элементы хрысціянства і гнастыцызма, але дапаўняла іх персідскімі дуалістычнымі вераваннямі. У цэнтры навучання была барацьба паміж святлом і цемрай, Богам і сатаной, дабром і злом. Бог, для іх, быў стварыцелем неба, але не матэрыяльнага і бачнага свету. Такім чынам свет, стварэнні, даброты і нават самі людзі, паводле маніхейцаў, былі створаны сатаной. Збаўленне, паводле іх, магло прыйсці толькі праз поўнае адмаўленне ад усяго матэрыяльнага. У секце катараў была строгая іерархія. Меншасць складалі так званыя “дасканалыя” – тыя, хто вёў найбольш радыкальнае жыццё: не піў віно, не еў мяса, адмаўляўся ад любых адносінаў з асобамі супрацьлеглага полу, выключаў любыя кантакты з рэальным светам. Большасць сектантаў, называлі сябе проста “вернікамі” – яны прытрымліваліся менш строгіх правілаў і дапамагалі ў тым малым, чаго патрабавалі “дасканалыя”. “Вернікі”, калі набліжаліся да сталага ўзросту, маглі таксама атрымаць пасвячэнне ў “дасканалых” – так называнае “суцяшэнне”. Для гэтага яны цалкам адмаўляліся ад уласнасці якую мелі, павінны былі шмат пасціцца, пакінуць жонку ці мужа, і молячыся “Ойца наш”, казалі замест “хлеба штодзённага” – “хлеб звышнатуральны”. Такім “хлебам” для іх была ежа благаслаўлёная іншым “дасканалым”. Калі магчымасці для благаслаўлення не было, яны галадалі аж да смерці.

Глеба для распаўсюджвання катарскай ерасі на поўдні Францыі была вельмі спрыяльнай. Грамадства ў гэтым рэгіёне было вельмі талерантным і даволі забяспечаным матэрыяльна. Нажаль, часта святары і законнікі злоўжывалі вялікімі ахвяраваннямі. Іх неадказныя і разбэшчаныя паводзіны нават сталі адной з галоўных тэмаў Клермон-Феранскага Сабора. Папа Інакенці ІІІ асабіста асудзіў мясцовае духавенства за тое, што не прытрымлівалася каталіцкіх правілаў і навучання Касцёла, не клапацілася аб стрыманасці, уласным аўтарытэце, адукацыі і выклікала смех у вернікаў.

У такой атмасферы крызіса каштоўнасцяў, секта, якая заклікала да ачышчэння праз адмаўленне ад дабротаў хутка набыла шматлікіх прыхільнікаў. Ерась пачала пераўтварацца ў сапраўдны народны рух і масавы псіхоз. Напрыклад у сям’і, бацька-катар не мог нават суцешыць дачку, якая плакала, бо не меў права дакранацца да асобы іншага полу. Распаўсюджанымі сярод катараў былі рытуальныя суіцыды – яны здзейснялі для таго, каб як мага хутчэй пакінуць гэты грахоўны свет. Катары галадалі да смерці, рэзалі сабе вены, кідаліся ў прорву, ляжалі падоўгу у снезе, каб захварэць і памерці. Катарская ерась была рэлігіяй смерці і поўнага зневажання да жыцця.

У адносінах да Бібліі, катары адмаўлялі Стары Запавет, і усе узгадкі аб стварэнні свету – для іх гэта была справа рук сатаны. Езус для іх быў анёлам, які не еў, не піў, не пакутаваў і не быў пахаваны. Яго прысутнасць у выглядзе чалавека, для катараў была толькі уяўленнем. Катары не прызнавалі знака крыжа і сакрамэнтаў. Яны адмаўлялі амаль усё, што для хрысціян было святым.

Папа быў вельмі заклапочаны сітуацыяй на поўдні Францыі і на працягу доўгіх гадоў накіроўваў сваіх легатаў, каб паспрыяць вяртанню людзей у лона каталіцтва. Ён строга асудзіў мясцовае духавенства за злоўжыванні, каб паспрыяць унутранай рэформе Касцёла ў гэтым рэгіёне. Спецыяльна для навяртання ератыкоў быў створаны закон прапаведнікаў – закон дамініканцаў, мэтай якіх было абвячшэнне і тлумачэнне Евангелля згодна з каталіцім навучаннем. 

Аднак намаганні Папы не прыносілі вялікіх плёнаў, бо ерась пачала выкарыстоўвацца ў палітычных мэтах. Мясцовая шляхта імкнулася да большай незалежнасці ад Рыма і ад іншых французскіх княстваў, намагалася парваць любыя сувязі з Касцёлам і вырашыла выкарыстаць для гэтага менавіта катараў. У 1208 г. адзін з легатаў Пантыфіка, Пётр Кастэлянскі, быў забіты катарамі, па загадзе аднаго з мясцовых князёў Раймонда VI Тулузскага. 

Як толькі Інакенці ІІІ даведаўся аб забойстве свайго пасланніка, ён абвясціў аб пачатку новага Крыжовага пахода. На гэты раз не супраць захопнікаў Гробу Пана, “але ворагаў нашмат больш небяспечных”. Канешне на гэты заклік адгукнуліся як сапрадныя рыцары, так і тыя, хто імкнуўся нажыцца на дабротах багатага рэгіёна. Сярод апошніх былі князі з цэнтральнай Францыі. Яны імкнуліся далучыць багатыя міжземнаморскія землі да сваіх уладанняў, таму з запалам уключыліся ў вайну супраць мясцовых ератыкоў. Любой супраціў ці іншадумства каралася імі з усёй строгасцю: вынішчаліся і рабаваліся цэлыя вёскі, свецкія суды, тысячы катараў асуджалі да пакарання смерцю на кастры. У той час, паводле свецкіх законаў, ерась лічылася роўнай здрадзе Радзіме. Хутка, пад ціскам французскіх войскаў, супраціў катараў і іх апекуноў пачаў слабець, а праз некаторы час ўсё міжземнамор’е было далучана да Францыі. Так барацьба з ерассю, для якой напачатку выкарыстоўваліся мірныя сродкі, закончылася кровапраліццём, мэтай якога была прага земляў і багаццяў.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.