2015-02-19 12:47:00

Папа: заўсёды рабіць выбар на карысць Бога


Папа Францішак заклікаў у любых жыццёвых умовах выбіраць Бога і не дазваляць звесці сябе ў зман звычкам і сітуацыям, якія аддаляюць ад Яго. Аб  гэтым Пантыфік казаў 19 лютага 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Цэнтральнай тэмай гаміліі Святога Айца сталі словы звароту Майсея да ізраільскага народа: “Глядзі, сёння я паклаў перад табою жыццё і дабро, смерць і зло. Таму сёння я наказваю табе любіць Пана, Бога твайго, і хадзіць Яго шляхамі” (Дрг 30,15).

Згодна з гэтым заклікам, паводле Францішка, павінен штодзённа дзейнічаць  кожны хрысціянін. Гэта складаны выбар, прызнаў Святы Айцец. На яго думку,  “нашмат прасцей жыць па інерціі, паддаючыся жыццёвым сітуацыям, звычкам”, але так можна з лёгкасцю стаць слугамі “іншых бажкоў”, якія не могуць даць нічога, акрамя “дробязных рэчаў, што мінаюць”. “Мы маем звычку ісці туды, куды ідуць усе людзі. Рабіць, як усе. А Касцёл нам кажа: “Спыніся! Спыніся і зрабі выбар! Гэта добрая парада. І сёння было б цудоўна спыніцца і крыху падумаць: які стыль майго жыцця, якімі дарогамі іду?”, - прапанаваў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў вернікаў, у святле евангельскіх словаў: “якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сябе самога загубіць”, паразважаць аб сваіх адносінах з Богам і з сям’ёй: з бацькамі, братамі і сёстрамі, жонкай і мужам, дзецьмі. “Памылкова шукаць уласнага поспеху, карысці, не думаючы пра Пана, не думаючы пра сям’ю”, - лічыць Францішак. Ён заклікаў прасіць у Бога ласку разважлівасці і адвагі, якая дазволіць у любой жыццёвай сітуацыі выбіраць Яго. 








All the contents on this site are copyrighted ©.