2015-02-18 14:16:00

Украінскі іерарх: мы прыехалі да Папы расказаць праўду


У рамках візіту “ad limina Apostolorum” у Ватыкан украінскія грэка-каталіцкія іерархі наведалі 17 лютага 2015 г. Дзяржаўны сакратарыят, дзе правялі размову, у прыватнасці, з арцыбіскупам Полам Галахерам, сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі. Кіраўнік Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы, архіепіскап Святаслаў Шаўчук прадставіў рэальную сітуацыю ў сваёй краіне і душпастырскія праблемы, якія стаяць перад Касцёлам у цяперашніх умовах ваеннага супрацьстаяння, якое працягваецца там. “Трэба гаварыць аб гэтым і абараняць праўду ў любых абставінах”, - сказаў іерарх. “Гэтага чакаюць сёння грамадзяне Украіны ад Святога Пасаду як вышэйшага маральнага аўтарытэту”, - дадаў ён. 

Грэка-каталіцкі епіскапат пазнаёміў арцыбіскупа Галахера з тэкстам закліку Сінода Украінскай Грэка-каталіцкай Царквы да духавенства аб душпастырстве ва ўмовах вайны.

У той жа дзень у базыліцы св. Яна на Латэране пад старшынствам архіепіскапа Шаўчука прайшла літургія, якую з ім саслужылі з іншыя грэка-каталіцкія іерархі. Звяртаючыся да вернікаў, Прадстаяцель адзначыў, што епіскапат прыбыў да Папы, каб расказаць яму праўду аб агрэсіі, ахвярай якой стала Украіна.

“Калісьці мой папярэднік, Мітрапаліт Грыгорый Цамблак, прыбыў сюды, каб расказаць хрысціянскаму Захаду аб татара-мангольскім нашэсці, а мы цяпер лічым сваім абавязкам абвяшчаць свету праўду аб тым, што адбываецца ва Украіне”, - сказаў архіепіскап Шаўчук.

Візіт “ad limina” украінскіх біскупаў рыма-каталіцкага і ўсходняга абрадаў будзе доўжыцца да 21 лютага 2015 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.