2015-02-18 12:04:00

Пантыфік: сям’я вучыць свет братэрству


Cёння, як ніколі важна паставіць братэрства ў цэнтры нашага тэхнакратычнага і бюракратычнага грамадства, адзначыў папа Францішак 18 лютага 2015 г., падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра. Працягваючы цыкл катэхез на тэму сям’і, Пантыфік распавёў пра адносіны паміж братамі і неабходнасць будавання братэрства для перамогі над нянавісцю і насіллем. “Братэрства – цудоўнае. Езус Хрыстус давёў да поўні таксама і гэты чалавечы досвед – быцця братамі і сёстрамі – уключаючы яго ў трынітарную любоў і ўмацоўваючы яго такім чынам, каб сягаў далей за сваяцкую сувязь і мог пераўзысці любую сцяну адчужанасці”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што разбурэнню братэрскай сувязі часта спадарожнічаюць канфлікты, нянавісць і здрада і нагадаў пра першы ў гісторыі прыклад падзелу паміж братамі, які працягвае адбівацца рэхам на працягу гісторыі. “Пасля забойства Абэля, Бог спытаў Каіна “Дзе Абэль, брат твой?”. Гэта пытанне Пан працягвае паўтараць у адносінах да кожнага пакалення. І, на жаль, у кожным пакаленні, не перастае паўтарацца драматычны адказ Каіна: “Не ведаю. Хіба я вартаўнік брата свайго”. Калі разбураецца сувязь паміж братамі адбываецца дрэнная, вельмі кепская справа для чалавецтва”, - сказаў Францішак.

Пантыфік заўважыў, што братэрская сувязь фарміруецца ў сям’і, у атмасферы навучання дзяцей адкрытасці да іншых. Сям’я – гэта “вялікая школа свабоды і міру”, лічыць ён. “У сям’і браты вучацца чалавечаму суіснаванню, вучацца таму, як трэба суіснаваць у грамадстве. Магчыма, мы не заўсёды гэта ўсведамляем, але менавіта праз сям’ю братэрства ўваходзіць у свет! Пачынаючы з гэтага першага досведу братэрства, умацаванага любоўю і сямейным выхаваннем, братэрскі стыль выліваецца як надзея на ўсё грамадства і на адносіны паміж народамі”, - падкрэсліў Папа.

Гаворачы пра каштоўнасць братэрства, Святы Айцец заўважыў, што без яго, нават свабода і роўнасць могуць напоўніцца індывідуалізмам, канфармізмам і карыслівасцю, чаму існуе шмат прыкладаў у гісторыі.

Францішак падкрэсліў, што асаблівым чынам братэрства ззяе ў клопаце, цярплівасці і любові, якімі ў сям’і акружаюцца “самыя слабыя брацікі і сястрычкі, хворыя, носьбіты інваліднасці”. Ён прызнаўся, што перад аўдыенцыяй прывітаў сям’ю з дзевяццю дзецьмі і выказаў захапленне дапамогай, якую старэйшыя з іх аказваюць бацькам у клопаце пра малодшых.

“Мець брата ці сястру, які любіць цябе – гэта моцны, бясцэнны, незаменны нічым досвед. Гэта тычыцца таксама і хрысціянскага братэрства. Самыя малыя, самыя слабыя, самыя бедныя павінны рабіць нас мягчэйшымі: яны маюць “права” авалодваць нашай душой і сэрцам. Так, яны з’яўляюцца нашымі братамі, і мы павінны любіць іх і адносіцца да іх так. Калі гэта адбываецца, калі бедныя адчуваюць сябе як дома, ажывае таксама і наша хрысціянскае братэрства. Хрысціяне ідуць насустрач бедным і слабым не таму што падпарадкоўваюцца пэўнай ідэалагічнай праграме, але таму што слова і прыклад Пана ім кажуць, што мы ўсе з’яўляемся братамі паміж сабой”, - падкрэсліў Святы Айцец. 

Пантыфік заклікаў вернікаў у цішыні ўзгадаць пра сваіх братоў і сясцёр і памаліцца за іх. На заканчэнне аўдыенцыі ён нагадаў пра неабходнасць добрага і адказнага выкарыстання часу Вялікага посту, які пачаўся сёння, для ўмацавання духоўнага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.