2015-02-18 13:39:00

Пантыфік падтрымаў “Кампанію братэрства” у Бразіліі


З пачаткам Вялікага посту, у Бразіліі ўжо ў 52-гі раз быў дадзены старт “Кампаніі братэрства”. Гэта велікапосная ініцыятыва паклікана абудзіць салідарнасць ва ўсім бразільскім грамадстве. У гэтым годзе яна прысвечана тэме служэння Касцёлу і бліжняму. Папа Францішак накіраваў сваё адмысловае пасланне да ўдзельнікаў гэтай акцыі. Ён нагадаў, што хрысціянін не можа быць абыякавым да патрэб іншых, бо радасці і надзеі, смуткі і трывогі сённяшняга чалавека, асабліва беднага і пакутуючага, належаць да кожнага паслядоўніка Хрыста. 

Менавіта таму, на думку Пантыфіка, “Кампанія братэрства” імкнецца спрыяць паглыбленню дыялога і супрацоўніцтва паміж Касцёлам і грамадствам, бо толькі разам можна дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Кожны павінен узяць у гэтым свой удзел, выканаць сваю частку служэння, пачынаючы ад свайго дома і працы. Кожны хрысціянін і кожная супольнасць пакліканы быць інструментамі Бога для дапамогі бедным у іх поўнай інтэграцыі ў грамадства. Таму, трэба ўважліва “слухаць крык бедных і дапамагчы ім”, падкрэсліў Папа і дадаў, што, калі мы шчодрыя і ветлівыя ў адносінах да беднага, даём яму крыху ежы, месца ў нашым доме, наш час, мы не збядняем сябе, наадварот, узбагачаемся самі. Толькі так можна пабудаваць больш справядлівае, братняе і мірнае грамадства, перакананы Францішак.

Любіць служачы – гэта дэвіз хрысціяніна і сінтэз хрысціянскай ідэнтычнасці, лічыць Святы Айцец. Ён выказаў надзею, што велікапосная ініцыятыва адкрые сэрцы яе ўдзельнікаў да новага жыцця, дадзенага Хрыстом, а сіла Яго Уваскрэсення дасягне асабістага, сямейнага, сацыяльнага і культурнага вымярэнняў; што ў кожным сэрцы ажывуць пачуцці братэрства і супрацоўніцтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.