2015-02-17 13:05:00

Папа звярнуўся з пасланнем да моладзі


“Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць”, - гэтыя словы з пятага раздзелу Евангелля св. Мацвея сталі лейтматывам сёлетняга паслання Пантыфіка на 30-ы Сусветны дзень моладзі, які пройдзе ва ўсіх дыяцэзіях свету ў Пальмовую нядзелю 29 сакавіка 2015 г. Францішак падзяліў яго на чатыры часткі. Першая прысвечана таму, што мае ў сабе кожны малады чалавек – жаданню шчасця. Папа нагадаў, што пасля першароднага граху быў згублены “унутраны компас”, якія вёў чалавека па шляху шчасця, была згублена кропка апоры, а імкненне да ўлады, валодання і задавальнення любой цаной прывяло да гора і пакут. “Дарагія юнакі і дзяўчаты, у Хрысце знаходзіцца спаўненне вашых мараў аб дабры і шчасці. Толькі Ён можа задаволіць вашыя чаканні, так часта расчараваныя ілжывымі абяцаннямі свету”, - напісаў ён.

У другой частцы, азагалоўленай: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам...”, Пантыфік заклікаў прааналізаваць як гэта благаслаўленне рэалізуецца ў жыцці. Яно адносіцца, у першую чаргу, да нашых адносін з іншымі. “Кожны з нас павінен навучыцца распазнаваць, што можа “забрудзіць” яго сэрца, павінен фарміраваць у сабе правільнае і адчувальнае сумленне, здольнае “пазнаць, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае”. (Рым 12,2 ). Калі патрэбны здаровы клопат пра абарону стварэння, пра чыстае паветра, ваду і ежу, яшчэ больш мы павінны абараняць чысціню, што з’яўляецца найбольш каштоўнай: нашых сэрцаў і нашых адносін. Гэта “экалогія чалавека” дапаможа нам дыхаць чыстым паветрам, якое выходзіць з прыгожых рэчаў, з сапраўднай любові, са святасці”, - напісаў Францішак.

Пантыфік нагадаў, што маладосць з’яўляецца часам, калі “развіваецца вялікае эмацыйнае багацце” і “глыбокае жаданне сапраўднага кахання”. Ён заклікаў не дазволіць, каб гэты каштоўны скарб быў пашкоджаны або знявечаны. Так адбываецца, “калі ў нашы адносіны закладаецца выкарыстанне іншага для сваіх карыслівых мэтаў, часам толькі ў якасці аб’екту для задавальнення”.

Францішак з жалем нагадаў, што ў сённяшнюю “культуру часовасці” закладзена ідэя хуткага задавальнення і неадказнага атрымання асалоды ад бягучага моманту. “Але я прашу вас, каб вы былі рэвалюцыйнымі, ішлі супраць плыні. Так, я прашу, каб вы паўсталі супраць гэтай культуры часовасці, якая па сутнасці думае, што вы не ў стане быць адказнымі, што вы не ў стане па-сапраўднаму любіць. Я веру ў вас, маладыя, і малюся за вас”, - адзначыў Святы Айцец.

У трэцяй чатцы, пад назвай “...бо яны Бога ўбачаць”, Папа адзначыў, што запрашэнне Пана да сустрэчы з Ім накіравана да кожнага, незалежна ад месца і сітуацыі, у якой той знаходзіцца. Трэба ўсяго толькі прыняць рашэнне, быць гатовым да сустрэчы з Ім, шукаць Яго пастаянна кожны дзень. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра штодзённае чытанне Святога Пісання і дапамогу патрабуючым і пакінутым.

Шукаць Пана – гэта адказваць на Яго пакліканне, звярнуў увагу Святы Айцец. “Некаторыя з вас чуюць або пачуюць Божы заклік да сужэнства, сям’і. Многія сёння лічаць, што гэты заклік ўжо стаў “нямодным”, але гэта не так!”, - дадаў ён. Францішак таксама заклікаў маладых людзей задумацца аб пакліканні да святарства і кансэкраванага жыцця.

“Па дарозе у Кракаў” – назваў апошнюю частку свайго паслання Пантыфік, спачылаючыся на Сусветныя дні моладзі, якія пройдуць у 2016 г. у гэтым польскім горадзе. Ён нагадаў, што заснаваў гэту ініцыятыву 30 гадоў таму св. Ян Павел ІІ. З таго часу на гэтым шляху адбылося шмат цудоўных адкрыццяў, а Касцёл, дзякуючы Сусветным дням, працягвае быць для свету вялікай і гасціннай сям’ёй, напісаў Папа ў сваім пасланні на 30-ы Сусветны дзень моладзі.








All the contents on this site are copyrighted ©.