2015-02-17 15:02:00

Нунцый ва Украіне пра далучэнне Крыму і ваенны канфлікт


Далучэнне Крыму было грубым парушэннем міжнароднага права, а Расійская Федэрацыя павінна блакаваць паток баевікоў і зброі ў рэгіён Данбасу, сказаў парталу “vaticaninsider” арцыбіскуп Томас Галіксан, Апостальскі нунцый ва Украіне. Ён адзначыў, што пазіцыя Святога Пасаду па канфлікце ва ўсходняй частцы краіны адпавядае пазіцыі міжнароднай супольнасці. Трэба нагадаць, што 16 лютага 2015 г. пачаўся візіт “ad limina Apostolorum” у Рым украінскіх  біскупаў лацінскага і ўсходняга абрадаў. Меркаванне Апостальскай Сталіцы не адрозніваецца ад пазіцыі супольнасці нацый асабліва ў дачыненні да тэрытарыяльнай цэласнасці суверэннай дзяржавы і неўмяшання ў яе ўнутраныя справы, сказаў ватыканскі дыпламат. “Калі Расійская Федэрацыя не ў стане неадкладна вярнуць Украіне здольнасць кантраляваць свае межы ў Данбасе, можа, па меншай меры, закрыць мяжу з другога боку, і блакаваць паток баевікоў і зброі. Гуманітарная дапамога павінна быць узгоднена з Кіевам пад наглядам Чырвонага Крыжа, АБСЕ і іншых арганізацый”, - сказаў арцыбіскуп Галіксан.

Калі іерарха спыталі аб украінцах, ён адзначыў, што народ адчувае сябе пакінутым і незразуметым астатняй часткай свету. Але, калі гаворка ідзе пра ўзаемаадносіны паміж Цэрквамі, тут ідзе супольная праца, накіраваная на ўмацаванне нацыянальнага адзінства перад тварам знешняй агрэсіі і ўнутраных падзелаў. Ён дадаў, што ў гэтым удзельнічае таксама Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату.








All the contents on this site are copyrighted ©.