2015-02-16 10:35:00

Іерарх: дзе распадаецца сям’я, там нішчыцца гуманізм


Касцёлу зусім не чужыя такія самыя важныя чалавечыя паняцці, як сужэнства і сямейнае жыццё, напісаў на старонках “L’Osservatore Romano” арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай рады па справах сям’і. Ён падкрэсліў, што Касцёл сёння з’яўляецца, магчыма, адзіным інстытутам, настолькі блізкім да сямейных пачуццяў і саюзаў. Тым не менш, касцёльная мова, здаецца сучаснаму чалавеку занадта схематычнай і недастатковай, а яе зразуменне і прыняцце робяць яшчэ больш цяжкімі скажэнні з боку СМІ і прадузятасць секулярызаванай грамадскай думкі. Таму трэба распрацаваць новы спосаб камунікацыі, які выключыць паўтарэнне абстрактных тэалагічных формул. Гэта асабліва актуальна ў культуры гэтага свету, што не спрыяе сям’і, якая ўжо не відавочная сама па сабе, як гэта было ў папярэдніх эпохах.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі нагадаў, што Хрыстус у Евангеллі неаднаразова пацвердзіў запавет Бога з мужчынам і жанчынай, заключаны падчас стварэння. Іх саюз з самага пачатку носіць сакральны характар, яшчэ перш чым ён стаў сакрамэнтам Касцёла, і з’яўляецца прынцыпам гуманізацыі свету. Яго прызнанне і абарона з’яўляецца святым абавязкам кожнага народа і кожнай рэлігіі. Сусветная гісторыя заснавана на гэтым запавеце паміж Богам і мужчынам і жанчынай, і там, дзе ён распадаецца, гуманізм тармазіцца.

Арцыбіскуп Палья заклікаў да паглыблення катэхізацыі тых, хто рыхтуецца да шлюбу. Яна не можа абмяжоўвацца да некалькіх сустрэч. Ён таксама падкрэсліў важнасць узаемадапаўняльнасці паміж мужам і жонкай. “Мужчына без жанчыны ведае занадта мала пра тое, што чалавечае, гэтак жа, як жанчына без мужчыны”, - напісаў старшыня Папскай рады па справах сям’і.








All the contents on this site are copyrighted ©.