2015-02-15 14:06:00

Пантыфік да новых кардыналаў: любоў не можа быць нейтральнай


Логіка любові Хрыста – гэта шлях Касцёла, падкрэсліў папа Францішак, звяртаючыся да новых кардыналаў 15 лютага 2015 г. падчас Эўхарыстыі ў ватыканскай базыліцы. Падчас яе была ўзнесена малітва за пераследаваных хрысціян, бедных, пакутуючых і ахвяр нянавісці. 14 лютага 2015 г. Пантыфік далучыў да Калегіі кардыналаў 20 іерархаў, прадстаўнікоў усіх кантынентаў. Спасылаючыся на Евангелле пра вылячэнне пракажонага, ён адзначыў, што трэба “не толькі прыняць і далучыць з евангельскай адвагай тых, хто стукае ў нашы дзверы, але выйсці і шукаць далёкіх, без прадузятасці і страху, даючы ім бескарысліва тое, што мы самі дарма атрымалі”. Кажучы пра “інтэграцыю”, Папа заўважыў, што “Езус рэвалюцыйна бударажыць менталітэт, замкнуты ў страху і самаабмежаваны прадузятасцю”, але пры гэтым не парушае закон Майсея. 

Францішак звярнуў увагу на падвойную логіку мыслення і веры: страх страціць збаўленых і жаданне збаўлення тых, хто ўпаў. На яго думку, шляхам Касцёла заўсёды з’яўляецца шлях Езуса – шлях міласэрнасці і інтэграцыі, неасужэння нікога навекі.

Папа спаслаўся на “Гімн любові” св. Паўла з Паслання да Карынцянаў і падкрэсліў, што “любоў не можа быць нейтральнай, абыякавай, летняй і нявызначанай! Любоў заражае, яна гарачая, спалучана з рызыкай і запальвае! Таму што сапраўдная любоў заўсёды незаслужаная, безумоўная і бескарыслівая!”. Паводле меркавання Пантыфіка, любоў становіцца творчай, калі знаходзіць адпаведную мову, каб мець зносіны з тымі, хто лічыцца невылечным, і таму недатыкальным. “Кантакт – гэта рэальная камунікатыўная мова, мова пачуццяў”, - сказаў Францішак, і падкрэсліў: “Колькі аздараўленняў мы можам здзейсніць і перадаць, калі вывучым гэту мову!”.

“Я заклікаю вас служыць ўкрыжаванаму Езусу ў кожным чалавеку, адкінутым па любой прычыне. Заўважаць Пана ў кожным выключаным чалавеку, галодным, сасмаглым, раздзетым; Пана, Які прысутнічае таксама і ў тых, хто страціў веру, або дыстанцыяваўся ад жыцця веры; Пана, Які знаходзіцца ў турме, хворы, не мае працы, Якога пераследуюць; Пана, Які знаходзіцца ў пракажоным – і целам, і духам, Якога дыскрымінуюць”, - сказаў Папа і заключыў: “Мы не адкрыем Пана, калі сапраўды не прымем чалавека, выдаленага на узбочыну”.








All the contents on this site are copyrighted ©.