2015-02-14 15:28:00

У Касцёле 20 новых кардыналаў


14 лютага 2015 г. 20 новых кардыналаў прынялі з рук папы Францішка ў базыліцы св. Пятра знакі сваёй годнасці. Абрад узвядзення пурпуратаў быў ледзь не з пачатку існавання Калегіі кардыналаў святочным, хоць і змяняўся на працягу стагоддзяў. Самыя вялікія змены ў яго былі ўнесены ў 1969 г. – пасля ІІ Ватыканскага Сабору – Павел VI спрабаваў надаць цырымоніі больш сціплы і просты характар. Далейшыя змены былі ўнесены Янам Паўлам II і Бэнэдыктам XVI, які пажадаў вывесці абрад узвядзення кардыналаў па-за літургію і надаць больш увагі элементам малітвы і духоўнага разважання.

Сённяшні кансісторый складаўся з двух частак: першая, была прысвечана ўзвядзенню новых кардыналаў, а другая – карацейшая, датычыла кананізацыі трох благаслаўлёных – французскай законніцы Жаны Эміліі дэ Вільнёў і двух палестынак: Марыі ад Езуса Укрыжаванага і Марыі Альфонсы Даніл Гатас. Таму на пачатку прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардынал Анджэла Амата, урачыста прасіў Святога Айца разгледзець пытанне аб кананізацыі трох благаслаўлёных жанчын і прызначыць дату іх кананізацыі.

Дапаўненнем цырымонія стане ўрачыстая св. Імша. у базыліцы св. Пятра, якая пройдзе ў нядзелю 15 лютага. Яе ўзначаліць Пантыфік у падзяку Богу за дар новых кардыналаў для Касцёла.

Пурпурны колер кардынальскага адзення сімвалізуе жыццё цалкам прысвечанае служэнню Касцёлу да кровапраліцця, калі гэта будзе неабходна. І ў ХХ стагоддзі тры кардыналы страцілі свае жыцці служачы Касцёлу: арцыбіскуп Сарагосы Хуан Сальдэвілья-і-Рамэра, які 4 чэрвеня 1923 г. стаў ахвярай хваляванняў на сацыяльнай глебе; кардынал Эміль Біяенда, які загінуў 23 сакавіка 1977 г. у Конга ў выніку мясцовых племянных канфліктаў; кардынала Хуана Хесуса Пасадаса Окампа з Гвадалахары застрэлілі 24 мая 1993 г. у аэрапорце Мехіка члены наркамафіі, дзейнасць якой ён рашуча асуджаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.