2015-02-13 14:26:00

У Ватыкане размаўляюць пра дэцэнтралізацыю і субсідыярнасць


13 лютага 2015 г. кардыналы, сабраныя на кансісторыі ў Ватыкане, размаўлялі, галоўным чынам, пра пытанні эканомікі і гаспадарання ў канстэксце Святога Пасаду. Быў заслуханы даклад кардынала Джорджа Пэла, кіраўніка Сакратарыяту па эканамічных пытаннях. У сваю чаргу, 12 лютага ў значнай ступені іерархі размўлялі пра рэформу Рымскай курыі. Былі заслуханы меркаванні каля 100 кардыналаў. Аб гэтым паведаміў 13 лютага 2015 г. на брыфінгу кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Ён прызнаўся, што ў выступленнях часта чуліся словы “дэцэнтралізацыя” і “субсідыярнасць”. Яны гучалі ў кантэксце таго, што некаторыя рэчы могуць выконвацца больш дасканала на мясцовым узроўні, таму што дыяцэзіі і біскупскія канферэнцыі часта ведаюць сітуацыю лепш, чым ватыканскія дыкастэрыі.

У той жа час, быў падкрэслены вопыт і важнасць цэнтральных органаў Апостальскай Сталіцы, якія могуць дапамагчы мясцовым Касцёлам, што “знаходзяцца ў сітуацыі некаторай слабасці”. Тут інфармацыя і рэкамендацыі з Рыма з’яўляюцца вельмі важным і неабходным фактарам.

Кардыналы падкрэслілі важную місію Дзяржсакратарыята ў кантэксце адносін з міжнароднымі арганізацыямі. Яго дзейнасць з’яўляецца гарантыяй паслядоўнасці пазіцыі Святога Пасаду, і гэта надзвычай важна ў вобласці дыпламатыі. Што не азначае, аднак, што Дзяржаўны сакратарыят павінен рабіць гэта ў адзіночку.

Падкрэсліваліся таксама патрабаванні да персаналу Апостальскай Сталіцы. Тут гаворка ідзе пра кваліфікаванасць, касцёльны дух, духоўнасць, адданасць справе і прадстаўніцтва розных частак Касцёла. Была таксама падкрэслена роля жанчын і важнасць іх прысутнасці на адказных пасадах у Рымскай курыі.

Кіраўнік Залы Друку падкрэсліў, што абмеркаванні праходзілі ў вельмі спакойнай і канструктыўнай атмасферы.








All the contents on this site are copyrighted ©.