2015-02-12 17:45:00

Ёанна - жанчына на папскім прастоле?


У 2009 г. адбылася прэм’ера фільма пад назвай “Ёанна – жанчына на папскім прастоле”. Ён з’ўляецца экранізацыяй аднаго з кніжных бестсэллераў пачатку 1990-х гадоў – аднайменнага рамана амерыканскай пісьменніцы Донны Фулфалк Крос. У ім апавядаецца гісторыя жанчыны, якая была абрана на пасад св. Пятра. Яна, па сюжэту, на працягу амаль двух з паловай гадоў кіравала Паўсюдным Касцёлам. У дадатку да кнігі Донна Фулфалк Крос сцвярджае, што гісторыя цалкам грунтуецца на рэальных гістарычных фактах. Яна піша, што папа-жанчына з’яўлялася “рэальнай асобай” і “адной з самых незвычайных постацяў гісторыі заходняга свету”. Пісьменніца адзначае, што гісторыя аб жанчыне на пасадзе св. Пятра была шырока вядомай на Захадзе да XVII ст. – да таго часу пакуль Ватыкан не знішчыў усе дакументы, якія сведчылі аб ёй. Паспрабуем разабрацца ці была “папесса” рэальным персанажам і ці імкнуўся Каталіцкі Касцёл схаваць факт яе існавання ўсімі магчымымі спосабамі?

У аснове сюжэту кнігі ляжыць гісторыя Ёанны з Інгельхальма, дачкі сельскага святара з Саксоніі. Яна валодала моцнай цягай да навукі, добрымі інтэлектуальнымі здольнасцямі і незвычайнымі ведамі ў галіне медыцыны. Такія якасці, аднак, не адкрывалі шырокіх кар’ерных перспектыў для жанчыны эпохі сярэдневечча. Як апавядае сюжэт кнігі, менавіта таму, жадаючы працягваць вучобу, Яна пад відам мужчыны стала членам ордэна бэнэдыктынаў. Сцежкамі лёсу яна апынулася ў Рыме і нават стала асабістым доктарам Пантыфіка. Пасля яго смерці жанчына была абрана на пасад св. Пятра пад іменем Яна VIII. Яе пантыфікат працягваўся з 855 па 858 г. Далей паводле кнігі Крос, не стрымаўшыся перад спакусай цялеснай любові яна зацяжарыла. Роды пачаліся падчас адной з працэсій на дарозе, якая вяла да Латэрана – тагачаснай рэзідэнцыі папаў. Яна нарадзіла сына на вачах здзіўленых вернікаў, якія, абураныя падманам, да смерці забілі яе камянямі. Менавіта так прадставіла легенду аб папе-жанчыне амерыканская пісьменніца.

Трэба адзначыць, што сапраўды, на працягу гісторыі былі вядомы дзве версіі легенды пра існаванне “папессы”. Яны былі запісаны дамініканамі, якія жылі ў ХІІІ ст. – Жанам дэ Майлі і Марцінам Полоно. Жан дэ Майлі адзначае, што “папесса” жыла ў ХІІ ст., а Марцін Полоно датуе яе ўяўны пантыфікат сярэдзінай ІХ ст. Цікава, што на працягу доўгага часу Касцёл нават не адмаўляў, што аднойчы пасад св. Пятра займала жанчына. Выява папы-жанчыны знаходзілася ў Сіенскім катэдральным касцёле, аб ёй узгадвалася ў шматлікіх манускрыптах. Падчас Канстанцкага Сабора, чэшскі ерытык Ян Гус таксама казаў іерархам Касцёла аб жанчыне-папе і ніхто не адмаўляў факту яе існавання. Запіс аб “папессе” існуе ў “Liber pontificalis” – зборніку XV ст. у якім у храналагічных парадку пералічваюцца ўсе Пантыфікі.

Толькі са з’яўленнем крытычнай гісторыяграфіі пытанне аб існаванні папы-жанчыны было пастаўлена пад сумніў. Па-першае, увагу даследчыкаў прыцягнуш той факт, што ўсе крыніцы перадавалі легенду слова ў слова, аднолькава. Напрыклад у “Liber Pontificalis” узгадка пра папу-жанчыну даслоўна супадае з апавяданнем Марціна Полоно. Гэта значыць, што яна проста перапісвалася з аднаго дакумента ў другі, без аналізу фактаў. Па-другое, існавалі вялікія разыходжанні ў акрэсленні даты пантыфікату. Па-трэццяе не захавалася ніякіх дадатковых доказаў існавання папы-жанчыны – сведчанняў, лістоў, аўтэнтычных выяваў тых часоў. Акрамя таго, першая ўзгадка аб ёй датуецца ХІІІ ст. – гэта амаль праз 250 год пасля яе тэарытычнага пантыфікату.

Недобразычліўцы Касцёла сцвярджаюць, што Ватыкан спецыяльна знішчаў узгадкі аб пантыфікаце Ёанны. Але гэта не праўда. Як мы бачым, усе дакументы, якімі мы валодаем у гэтым пытанні з’яўляюцца менавіта касцёльнымі.

Варта сказаць, што факт існавання жанчыны-папы ніколі не ўзгадваўся ў рамках праваслаўна-каталіцкага канфлікту. Напрыклад, візантыйскі патрыярх Фоцій, які тэарытычна мог бы быць сучаснікам папессы Ёанны, шмат крытыкаваў Касцёл, у тым ліку за ўвядзенне цэлібату і амаральнасць пры папскім двары, але ніколі не ўзгадваў аб жанчыне на Пасадзе св. Пятра. Такім чынам, мы бачым, што існаванне папы-жанчыны ніяк не падцверджана. Так адкуль паходзіць гэта легенда?

Паводле гісторыка Касцёла Чэзарэ Бароніо легенда аб “папессе” была прыдумана як сатыра ў адносінах да папы Яна VIII (872-882), якога часта абвінавачвалі ў слабасці перад візантыйскім патрыярхам.

Яшчэ адным прататыпам папессы Ёанны магла стаць Мароцыя, маці двух папаў – Яна Х і Яна ХІ, а таксама бабуля папы Яна ХІІ, паводзіны якіх прымусяць чырванець любога католіка. Некаторыя гісторыкі лічаць, што легенда паўстала як рэакцыя на тое, што фактычна ў гэты перыяд над папамі панавала менавіта гэта моцная жанчына. Варта адзначыць, што сведчанні аб жыцці гэтых нягодных тытулу папы людзей і Мароцыі знаходзяцца ў афіцыйных касцёльных крыніцах – гэта гаворыць аб тым, што інфармацыя аб іх не хавалася і не падвяргалася цэнзуры.

Нарэшце, яшчэ адной з магчымых падстаў для легенды магло быць існаванне старажытнарымскага роду Папэ, прадстаўнікі якога жылі недалёка ад Латэрана. Апошняй прадстаўніццай гэтага роду была ўдава Яна Папэ – Папэсса. Яна жыла ў Х ст. Магчыма прозвішча жанчыны і блізасць яе дома да Латэранскага  палаца стала асновай для народнай рымскай сатыры.

Яшчэ адной магчымасцю фальшавання гісторыі быў вялікі перыяд часу паміж смерцю папярэдняга і абраннем наступнага папы. Паколькі ў тыя часы не было сучасных сродкаў камунікацыі, кардыналы, па-першае, з вялікім спазненнем атрымлівалі навіну аб смерці Пантыфіка, а па-другое павінны былі выканаць доўгі шлях да Рыму, які займаў часам некалькі месяцаў. Канклаў мог праходзіць таксама даволі працяглы час. Такім чынам паміж смерцю Папы і абраннем яго наступніка магло прайсці нават да 2 гадоў. Менавіта гэтым карысталіся фальсіфікатары гісторыі, “змяшчаючы” на папскім троне ў гэты перыяд часу неіснуючых асоб, у тым ліку жаночага полу.

Легенда павінна заставацца заўсёды легендай. Узводзячы яе ў гістарычны факт, што стала модным сёння, псеўдагісторыкі вельмі часта пераследуюць ідэалагічныя мэты і наўмысна шкодзячы аўтарытэту Касцёла. Яркім прыкладам гэтага з’яўляецца кніга Крос, добра выкананая гістарычная фальшыўка.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.