2015-02-12 16:56:00

Шчаслівае сужэнства. 10 прычын для таго, каб пражыць перыяд заручын у чысціні (І)


“Шчаслівае сужэнства” – гэта наша новая рубрыка на тэму кахання і сямейнага жыцця, асветленых праўдай і прыгажосцю Евангелля, якую вы зможаце слухаць на хвалях Беларускай праграмы Ватыканскага радыё кожны аўторак. Зараз у Ватыкане праходзіць вельмі важная падзея – пасяджэнне Сінода Біскупаў, прысвечанае праблемам сям’і і сужэнства, а праз год адбудзецца звычайная сесія гэтай асамблеі. Гэта значыць, што ўвесь гэты час у Касцёле будзе адбывацца дыскусія адносна выклікаў, якія стаяць перад сучаснымі сужонкамі і інстытутам сям’і ў цэлым. Таму нагода для таго, каб пачаць размаўляць на гэтыя тэмы на хвалях нашага радыё – унікальная.

Адным з ключавых пытанняў на Сінодзе з’яўляецца мова і тон Касцёла адносна вышэйузгаданых тэмаў. Вядома, што аргументы накшталт “Касцёл забараняе”, “Касцёл асуджае” адштурхоўваюць і не запальваюць сэрцы людзей, асабліва моладзі, каб жыць тымі каштоўнасцямі, якія Касцёл ім нясе. Таму мы будзем размаўляць не проста апелюючы догмамі, але па-сяброўску, раскрываючы сэнс і карысць тых ці іншых рэкамендацый. Важна памятаць, што мэтай навучання Касцёла з’яўляецца шчасце чалавека, а не яго прыгнечванне і зневажанне.

У якасці першай праграмы я прапаную пахіліцца над такой вострай і актуальнай тэмай, як сексуальная чысціня перад сужэнствам. Касцёл кажа, што лепш устрымацца ад сексуальных адносін перад шлюбам. Здаецца, што сёння гэта выйшла з моды. Моладзь часта бачыць секс у якасці аднаго з галоўных элементаў адносін з супрацьлеглым полам, а тыя, хто захоўвае чысціню, лічацца “слабакамі”, няздатнымі ў сексуальным плане або прыгнечанымі забабонамі. Рэальнасць, аднак, абсалютна іншая.

Думаю, што мы будзем звяртацца да тэмы перадсужэнскай чысціні неаднаразова, знаёмячыся з усё новымі аргументамі і сведчаннямі на яе карысць, таму што напісана і сказана на гэту тэму шмат. Я хачу падзяліцца з вамі 10-цю прычынамі для ўстрымання ад сексуальных адносін перад шлюбам, вартасць якіх можа пацвердзіць кожны, хто прайшоў гэтым шляхам. Улічваючы абмежаваныя часовыя рамкі нашай праграмы, сёння мы паразмаўляем толькі пра пяць першых, а праз тыдзень – пра наступныя пяць.

Прычына першая – чысціня дапамагае лепшай камунікацыі перад заключэннем сужэнства. Калі двое заручаных устрымліваюцца ад сексу, камунікацыя паміж імі становіцца глыбейшай – яны засяроджваюцца не на задавальненнях, а на радасці ад сумеснага прабывання, дзяленні поглядамі і дыялогу. У супрацьлегласць гэтаму, фізічная блізкасць – з’яўляецца даволі простай формай адносін, якая засланяе сабой ўсе іншыя формы ўзаемадзяння. Яна дапамагае пазбегнуць цяжкасцяў, звязаных з сапраўднай унутранай блізкасцю, размовамі на асабістыя і глыбокія тэмы, працай над фундаментальнымі адметнасцямі, існуючымі паміж двума асобамі, што важна для будучага шчаслівага сужэнства.

Другая прычына – пры захаванні чысціні ў перадсужэнскі перыяд узрастае сяброўства паміж заручанымі. Фізічная блізкасць можа стварыць ілюзію блізкасці паміж закаханымі, але ў рэальнасці так можа не быць. Рамантычныя адносіны павінны спрыяць умацаванню сяброўства, а без глыбокіх размоў і падзялення інтарэсаў, яно немагчыма. Асабістыя размовы ствараюць сяброўскую сувязь і дапамагаюць лепш пазнаць адно аднаго, пазнаць узаемныя недахопы і добрыя якасці. Некаторыя юнакі і дзяўчаты ідуць за гарачымі пачуццям, але, калі пазнаюць адно аднаго глыбей – застаюцца расчараванымі.

Трэцяя прычына таксама немалаважная – сексуальная чысціня дапамагае захаваць добрыя адносіны з бацькамі заручанага. Калі мужчына і жанчына ўзаемна паважаюць адно аднаго, дазваляюць уласнай любові станавіцца больш сталай – паляпшаецца сяброўства паміж бацькамі і аднаго і другога. Часцей за ўсё бацькі жадаюць, каб іх дзеці жылі без сексуальных адносін да сужэнства, і турбуюцца, калі тыя сексуальна актыўныя, не будучы замужам або жанатымі. Заручаныя, якія вырашаюць пачакаць з сексам, маюць больш сардэчныя адносіны з уласнымі бацькамі і бацькамі партнёра.

Чацвёртая прычына заключаецца ў тым, што ўстрыманне ад сексуальных адносін перад шлюбам дазваляе адчуваць сябе больш свабодна ў адносінах да самаго перыяду заручынаў. Сексуальныя адносіны моцна эмацыйна яднаюць людзей і могуць спрыяць зацягванню нездаровых адносін, заснаваных на фізічнай прыцягальнасці або патрэбе бяспекі. Асоба можа адчуваць сябе “у пастцы” адносін, працягу якіх у глыбіні душы не жадае, але з якіх не знаходзіць выхаду. Чалавек, які не мае сексуальных адносін, можа перарваць афектыўную сувязь з большай лёгкасцю, таму што блізкасць не была моцнай з фізічнага пункту гледжання. У выпадку, калі наступае цяжарнасць, людзі увогуле перастаюць быць свабоднымі ў выбары: разыйсціся або ажаніцца і г.д.

Нарэшце, пятая прычына – чысціня дапамагае ўмацаванню бескарыслівасці ў адносінах, насуперак эгаізму. Сексуальныя адносіны падчас перыяду заручын спрыяюць эгацэнтрызму і імкненню да атрымання задавальнення, тэндэнцыі патрабаваць заўсёды больш. У сваю чаргу ўстрыманне адкрывае на больш бескарыслівыя адносіны.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.