2015-02-12 18:21:00

Рымскі Пантыфік


Сёння ў нашай праграме мы пачынаем гаварыць аб іерархічнай структуры Каталіцкага Касцёла. Мы пазнаёмімся з рознымі пасадамі, якія існуюць у Касцёле, з правамі і абавязкамі тых, хто гэтыя пасады займае. Адразу хачу заўважыць, што на тэму кожнай з гэтых пасадаў можна разважаць вельмі многа з розных пунктаў гледжання, гістарычнага, тэалагічнага і г.д., але мы гэта будзе рабіць з пункту гледжання кананічнага права. І сёння мы пачынаем разважаць аб Найвышэйшай Касцёльнай уладзе, і пачнём з фігуры Рымскага Пантыфіка – Папы. Поўны тытул гэтай пасады гучыць так: Біскуп Рыма, вікарый Езуса Хрыста, Наступнік Князя Апосталаў, Найвышэйшы Патыфік Паўсюднага Касцёла, Прымас Італіі, Арцыбіскуп і Мітрапаліт Рымскай правінцыі, кіраўнік горада-дзяржавы Ватыкан, слуга слугаў Божых. 331-ы канон гаворыць, што Біскуп Рымскага Касцёла, якому сама Пан Езус Хрыстус даў гэту ўладу, з’яўляецца старшынёй Калегіі Біскупаў, намеснікам Хрыста і пастырам усяго Касцёла на зямлію Таму ён мае найвышэйшую, поўную, непасрэдную і паўсюдную звычайную ўладу ў Касцёле.

Уся працэдура выбараў Пантыфіка, якая цяпер абавязвае, апісана ў апостальскай канстытуцыі Universi Dominici gregis ад 22 лютага 1996 года з пэўнымі зменамі, унесенымі Бенэдыктам XVI. Права выбару Рымскага Біскупа маюць толькі кардыналы Святога Рымскага Касцёла, якім ў дзень смерці Папы або ў дзень, калі Апостальскі Пасад стаў вакантным (як гэта сталася 28 лютага гэтага года а 20 гадзіне) не споўнілася васьмідзесяці гадоў. Але гэта не азначае, што Папам можа быць выбраны толькі адзін з кардыналаў, хаця практычна заўсёды Папам становіцца адзін з кардыналаў-выбаршчыкаў. Кардыналы збіраюцца на канклаў, які павінен адбывацца ў межах дзяржавы Ватыкан, у вызначаных сектарах і будынках, закрытых для неўпаўнаважаных ад моманту распачацця канклаву аж да моманту абвяшчэння новага Папы. Усе кардыналы і іншыя асобы, якія законным чынам прысутнічаюць на тэрыторыі, дзе адбываецца канклаў, павінны захоўваць абсалютную тямніцу пад пагрозай кананічных пакаранняў, і гэтую таямніцу яны павінны таксама захоўваць і пасля выбару новага Папы.

Формай выбару Пантыфіка з’яўляецца галасаванне, і для сапраўднага выбару Біскупа Рыму патрабуецца дзве трэці галасоў у адносінах да агульнай лічбы прысутнічаючых выбаршчыкаў. Пасля прыняцця выбару новаабраны Пантыфік, калі ён ужо з’яўляецца біскупам, адразу становіцца Біскупам Рымскага Касцёла, сапраўдным Папам, старшынёй Калегіі Біскупаў, набывае найвышэйшую ўладу ў Касцёле і можа яе свабодна выконваць. Але калі так здарыцца, што новаабраны Пантыфік не мае біскупскага пасвячэння, то адразу павінен яго атрымаць ад Кардынала Дзекана.

Другі параграф 332 канону апісвае сітуацыю, сведкамі якой мы былі ў лютым гэтага года, калі Папа Бенэдыкт XVI аб’явіў аб складанні з сябе паўнамоцтваў Біскупа Рыма. Канон гаворыць, што ў такім выпадку да сапраўднасці патрабуецца, каб такая заява была зроблена Пантыфікам свабодна і была адпаведным чынам абвешчана, але ніхто не павінен гэтай адстаўкі прымаць. Пантыфік проста абвяшчае, што складае з сябе паўнамоцтвы Біскупа Рыма, што і зрабіў Бенэдыкт XVI 11 лютага гэтага года.

Тое, што Біскуп Рыма мае найвышэйшую, поўную, непасрэдную і паўсюдную звычайную ўладу ў Касцёле, не азначае, што ён сам асабіста яе выконвае. Яму дапамагаюць біскупы, якія могуць гэта чыніць рознымі спосабамі, таксама і праз Сінод Біскупаў, але аб гэтым пагаворым ў наступных перадачах, а таксама кардыналы, і іншыя асобы і арганізацыі, якія ад імя Пантыфіка і моцай Яго аўтарытэту выконваюць даручанае ім заданне. Іншымі словамі, яны маюць дэлегаваную ўладу, яб якой мы гаварылі на мінулым тыдні.  Асаблівае месца ў дапамозе Рымскаму Пантыфіку займае Рымская Курыя, якая складаецца з Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы, 9 Кангрэгацый, 3 Трыбуналаў, 12 Папскіх радаў, 4 Папскіх камісіі. Паўнамоцтвы кожнага з гэтых ведамстваў вызначаны ў апостальскай канстытуцыі Pastor Bonus, выдадзенай Папам Янам Паўлам ІІ 28 чэрвеня 1988 года. Папа Францішак таксама пасля свайго выбару склікаў камісію з 8 кардыналаў, якія павінны дапамагаць Пантыфіку ў вырашэнні штодзённых спраў Каталіцкага Касцёла.

Паважаныя радыёслухачы! На наступным тыдні мы пагаворым аб  калегіі біскупаў, якая разам з Рымскім Пантыфікам з’яўляецца суб’ектам найвышэйшай улады ў Касцёле, а насёння я з вамі развітваюся. Пахвалёны Езус Хрыстус!

Кс. Дзмітрый Пухальскі

 








All the contents on this site are copyrighted ©.