2015-02-12 12:43:00

Кардыналы паабяцалі Пантыфіку супрацоўніцтва ў рэфармаванні Рымскай курыі


Кардыналы, якія прымаюць удзел у кансісторыі, паабяцалі Святому Айцу сваё ўсебаковае супрацоўніцтва. 12 лютага 2015 г., на пачатку пасяджэння, ад імя Калегіі кардыналаў да Пантыфіка звярнуўся яе дэкан, кардынал Анджэла Садана. Пурпурат нагадаў, што згодна з Кананічным правам Касцёла кардыналы павінны “дапамагаць Рымскаму Пантыфіку, як калегіяльна, калі збіраюцца разам для супольнага абмеркавання пытанняў, што маюць важнае значэнне, так і асабіста, выконваючы розныя абавязкі і спрыяючы Рымскаму Пантыфіку, асабліва ў яго штодзённым клопаце аб усім Касцёле”. Кардынал Садана адзначыў, што прыняць удзел у кансісторыі змогуць не ўсе пурпураты: некаторыя па прычыне сталага ўзросту, іншыя – па стане здароўя.

Дэкан Калегіі нагадаў, што рэформы Рымскай курыі заўсёды здзяйсняліся з мэтай яе адаптавання да патрабаванняў часу. На працягу мінулага стагоддзя Канстытуцыя, якая рэгламентуе дзейнасць Курыі, змянялася некалькі разоў: у 1908 г. – па ініцыятве Пія Х, у 1967 г. – бл. Паўла VI і ў 1988 г. – па ініцыятыве св. Яна Паўла II. “І зараз, перад абліччам новых выклікаў трэццяга хрысціянскага тысячагоддзя, Вы нас паклікалі да супрацоўніцтва дзеля паляпшэння працы гэтага апостальскага вячэрніка, якім з’ўляецца Рымская курыя. Мы знаходзімся тут, каб зрабіць наш унёсак, з усведамленнем досведу мінулага і ў чаканні цяперашняга”, - сказаў кардынал Садана, звяртаючыся да папы Францішка. 








All the contents on this site are copyrighted ©.