2015-02-12 14:26:00

Кардынал Кох: экуменізму не хапае кансенсусу


Мы дасягнулі экуменізму міласэрнасці, малітвы і пакуты, чаго нам недастае – гэта згоды – сказаў у інтэрв’ю ватыканскай газеце “Osservatore Romano” старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох. Ён адзначыў, што ў апошнія 50 гадоў былі наладжаны асабістыя сяброўскія сувязі з рознымі Цэрквамі і хрысціянскімі супольнасцямі, але галоўная мэта экуменізму – адзінства ўсіх хрысціянаў – усё яшчэ не дасягнута. На думку кардынала Коха, асноўная праблема ў адсутнасці кансенсусу. Каталіцкі Касцёл і Праваслаўная Царква перакананыя, што адзінства павінна быць візуальна адлюстравана ў веры, сакрамэнтах і служэнні. Аднак многія царкоўныя супольнасці, якія нарадзіліся пасля Рэфармацыі, маюць іншае меркаванне: на іх думку, існуе неабходнасць узаемнага прызнання ўсіх форм касцёльнай рэчаіснасці.

Па словах ватыканскага іерарха, для дасягнення хрысціянскага адзінства вялікае значэнне маюць экуменічныя пераклады Бібліі. Ён са смуткам адзначыў, што нягледзячы на значныя дасягненні ў мінулым, у некаторых краінах, такія пераклады не існуюць або нават не немагчымыя.

У сваім інтэрв’ю кардынал Кох закрануў таксама і пытанне адносін з пяцідзясятнікамі. Ён нагадаў, што папа Францішак выступіў у ліпені 2014 г. з пасланнем сяброўства ў адрас гэтай супольнасці. Гэты сяброўскі жэст можа адчыніць многія дзверы, якія раней былі зачынены, лічыць кардынал. Трэба паглыбіць дыялог з пяцідзясятнікамі, якія па колькасці займаюць другое месца ў свеце сярод хрысціянаў пасля католікаў. На думку кардынала, можна казаць пра пяцідзясятніцтва як пра “чацвёртую форму хрысціянства”, пасля каталіцтва, праваслаўя і пратэстанцтва.

На пытанне аб тым, ці можа погляд Праваслаўнай Царквы на сужэнства і сям’ю быць карысным для Касцёла, кардынал адказаў, што дыялог трэба весці з улікам рознай гісторыі, на якой засноўваецца практыка католікаў і праваслаўных. Апошнія заўсёды знаходзіліся ў цеснай сувязі з дзяржавай і прасцей прымалі некаторыя дзяржаўныя правілы. Касцёл жа выпрацаваў сваё ўласнае сужэнскае права, нагадаў ватыканскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.