2015-02-11 12:49:00

Каталіцкая літаратура ў Беларусі запатрабавана


11 лютага 2015 г. у Мінску 22-ы раз адкрыла дзверы Міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Традыцыйным удзельнікам форума увесь гэты час з’яўляецца каталіцкае выдавецства “Pro Christo”. Цэнтральнае месца ў яго экспазіцыі займаюць кніжныя навінкі, тыя, што выйшлі ў свет у 2014 г. Гэта больш за 10 выданняў: літаратура тэалагічная, богаслужбовая, дзіцячая. “Малітоўнік для дзяцей”, “Дзённік сястры Фаўстыны Кавальскай”, “Магніфікат” – прамовы і даклады арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да 25-годдзя яго біскупскага служэння, пераклады з польскай і іспанскай знакамітых ужо ў касцёльным асяроддзі аўтараў-святароў. 

Вока не можа не спыніцца на прыгожай вокладцы “Чары Палесся”, здаецца, можа гэта фотаальбом ці ілюстрацыі з пейзажамі. Так, ёсць на старонках і здымкі, але зробленыя сапраўды легендарнай у Каталіцкім Касцёле Беларусі асобай – кардыналам Казімірам Свёнтэкам. Праз мастацтва кнігі ў выдавецтве хацелі паказаць мастацтва чалавека, які бачыў гэты свет прыгожым. У кнізе сабралі сцэнарыі, а гэта факсімільныя копіі рукапісаў кардынала, да 17 дакументальных стужак, якія стварыў ён сам. 

У першыя гадзіны працы выставы каля стэнду “Pro Christo” ужо ёсць наведвальнікі. Духоўная літаратура сёння запатрабавана, але неяк па-іншаму, чым раней, лічыць намеснік дырэктара выдавецтва Яраслаў Чапля. Яна перажыла і крызіс, і рэнесанс, а ў сучаснасці робіць спробы эвалюцыяніраваць. “Калі яшчэ 10 гадоў таму мы казалі пра хрысціянскую, каталіцкую літаратуру, то людзям важна было атрымаць кнігі, якія распавядаюць пра азы хрысціянства, духоўнасці. То сёння мы гаворым пра больш глыбокія кнігі, напрыклад, “Разважанні над кнігай св. Апостала Марка”. Ужо гэта патрэбна. Людзі жадаюць глыбей унікнуць у сэнс хрысціянства, у тыя тэмы, якія раней для іх былі цяжкімі. Гэта кажа аб тым, што праз гэту літаратуру людзі ўзбагачаюцца духоўна, а гэта таксама і вынік плённай працы ўсіх хрысціянскіх канфесій у Беларусі”, - адзначыў Яраслаў Чапля. 

Дарэчы, “Разважанні над кнігай св. апостала Марка” – тое, над чым выдавецтва плануе працаваць у гэтым годзе. А яшчэ і малітоўнік, і прамовы біскупа, і нататкі св. Яна Паўла ІІ аб сям’і – гэта не поўны спіс літаратуры, якая зможа з’явіцца на паліцах вернікаў. А тых, хто сёння мае сваю дамашнюю бібліятэку духоўнай кнігі, становіцца больш з кожным днём. Не толькі парафіяне і людзі веруючыя, не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій сочаць за выданнямі рэлігійнай літаратуры, заходзяць у выдавецтва і набываюць кнігі, адзначыла галоўны рэдактар “Pro Christo” Галіна Пармон. “На мой погляд цікаваць да духоўнай кнігі ўзрастае. Прыходзіць больш моладзі, моладзь прыязджае з усёй краіны. Кожны хоча мець сваю ўласную Біблію, таксама цікавяцца пытання сям’і, выхавання дзяцей. Шмат у нас пастаянных наведвальнікаў”, - пацвердзіла яна.

Тое, што кніга не мае межаў, бачна тут, на выставе, дзе свае выданні прадставілі 28 краін. Адчуваюць універсальнасць і пастаянства друкаванай літаратуры як сродка пазнання, нягледзячы на век высокіх тэхналогій, супрацоўнікі выдавецтва. Для іх слова “глабалізацыя” носіць і станоўчыя характарыстыкі, адзначыў Яраслаў Чапля. “Для хрысціянскіх выдавецтваў глабалізацыя – са знакам “плюс”. Дзякуючы Інтэрнэту, стасункам паміж выдаўцамі і ўвогуле хрысціянамі мы маем магчымасць атрымліваць кнігі з Польшчы, Германіі, Італіі і перакладаць іх на беларускую мову. І галоўнае – замежныя выдавецтвы даюць дазвол на выданне і выкарыстанне аўтарскіх правоў, але і не патрабуюць за гэта грошай. Гэта важна для нас, гэта робіць нашы кнігі як мага танней, а таму бліжэй да вернікаў”, - сказаў Яраслаў Чапля.
Калі з гэтым праблем няма, то вось з новымі аўтарамі – пытанне. Яраслаў Чапля, як і супрацоўнік выдавецтва, як і аўтар духоўнай кнігі (у гэтым годзе ён прадставіў пераклад на беларускую мову “Ці гатовы я памерці заўтра”), бачыць, што сёння не хапае беларускіх аўтараў – тых, хто можа пісаць рэлігійную публіцыстыку, пра веру і духоўнасць папулярна – простай і зразумелай мовай. На гэта патрэбны вопыт, адмысловыя веды і жаданне. У выдавецтве спадзяюцца – такія аўтары ёсць і, магчыма, яны хутка дадуць аб сабе знаць. 

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.