2015-02-10 16:28:00

Хрысціянства і літаратура. Джоан Кэтлін Роўлінг (ІІ)


Сёння мы працягваем знаёміцца з Джоан Кэтлін Роўлінг, аўтаркай вядомай сэрыі кніг пра Гары Потэра.

Няўдалы шлюб

У мінулай перадачы я ўжо распачаў рабіць біяграфічны нарыс спадарыні Роўлінг ды прыпыніўся на тым, што пасля цяжкай смерці сваёй маці яна з'язджае шукаць сваё шчасце ў Партугалію. Менавіта тут яна пачынае сур'ёзную працу над сваім раманам пра хлопца, які даведаўся, што ён чараўнік і трапляе ў адмысловую школу чараўнікоў. Сама ідэя рамана з'явілася яшчэ ў Англіі, калі Роўлінг ехала з Манчэсцера ў Лондан. Цягнік затрымалі і яна 4 гадзіны ў вагоне абдумвала сваю ідэю. Вось як яна сама пра гэта гаворыць:

Я вярталася ў Лондан сама ў перапоўненым цягніку, і ідэя пра Гары Потэра проста прыйшла мне ў галаву. Я пісала амаль бесперапынна з шасцігадовага ўзросту, але ніколі раней мяне так не ўсхвалёўвала ідэя. Да майго вялізнага расчаравання, у мяне не было асадкі і я была занадта сарамлівая, каб папрасіць каго-небудзь пазычыць... У мяне не было працоўнай асадкі з сабой, але я думаю, што, напэўна, гэта было добра. Я проста сядзела і думала чатыры гадзіны (затрымкі цягніка), у той час як усе дэталі былі падобны бурбалкам у маёй галаве, і гэты худы чорнавалосы хлопчык у акулярах, які не ведаў, што ён чараўнік, станавіўся для мяне ўсё больш і больш рэальным.


Аднак вернемся да Партугаліі, куды Роўлінг прыехала выкладаць ангельскую мову і шукаць свайго шчасця. Тут Джоан няўдала выходзіць замуж за партугальскага журналіста. У 1993 годзе ў іх нарадзілася дачка – Джэсіка. Праз трынаццаць месяцаў і адзін дзень пасля вяселля Джоан разводзіцца са сваім мужам, як некаторыя даследчыкі лічаць з-за насілля ў адносінах да яе з боку былога мужа.

Такім чынам Джоан зноў апыняецца ў Вялікабрытаніі, а больш дакладна ў Шатландыі, у Эдзінбургу, дзе жыве яе малодшая сястра. У яе на руках маленькая Джэсіка ды таксама стосы рукапісаў – тры раздзелы новай кнігі. Гэта быў адзін з самых цяжкіх перыядаў жыцця Роўлінг. Праз сем гадоў пасля заканчэння універсітэта Роўлінг лічыла сябе «самай вялікай няўдачніцай, якую ведала». Яе шлюб распаўся, яна была без працы і з дзіцем на руках. Пазней аднак яна апісвала сваю няўдачу як выбаўленне. Як сама яна гаворыць:

Няўдача азначала выбаўленне ад усяго неістотнага. Я перастала прыкідвацца перад сабой, што я была нейкай іншай, чым на самой справе, і стала накіроўваць усю сваю энергію на завяршэнне адзінай працы, якая нешта для мяне значыла. Калі б я сапраўды асягнула поспех у чым-небудзь яшчэ, я б ніколі не змагла знайсці рашучасць дамагчыся поспеху ў тым, што было сапраўды маім. Я вызвалілася, таму што мой самы вялікі страх рэалізаваўся, а я ўсё яшчэ была жывая, у мяне ўсё яшчэ была дачка, якую я любіла, у мяне была старая пішучая машынка і вялікая ідэя. Гэтак каменнае дно стала трывалым падмуркам, на якім я перабудавала сваё жыццё.

Роўлінг і дэментары

Тым не менш, у тыя часы Роўлінг нічога не ведала пра свой будучы поспех. Яна перажывала моцную клінічную дэпрэсію, і менавіта кніга, якую яна трывала пісала, дапамагала ёй перамагчы гэту хваробу. Кніга сталася для яе адзінай дастойнай мэтай у жыцці, у ёй яна (выказваючыся мовай псіхолагаў) аб'ектывізавала свае перажыванні, сваё бачанне жыцця.

Напрыклад, у кнігах пра Гары Потара сустракаем такіх персанажаў як дэментары. Гэта такія істоты, якія забіраюць у людзей усю радасць, у іх прысутнасці чалавек не ўстане думаць пра добрыя рэчы – ім валодаюць выключна благія думкі. Супраць дэментараў дапамагае толькі адно закляцце, якое атрымоўваецца толькі тады, калі пераможаш навалу благіх думак ды ўзгадаеш нешта добрае і радаснае – самы лепшы ўспамін са свайго жыцця.

Тут я не выпадкова трошкі далей адышоў ад апісання жыццярысу пісьменніцы ды звярнуўся да яе твору. Справа ў тым, што «закляцце ад дэментараў» з'яўляецца асноўным інструментам духоўнага жыцця хрысціяніна. Не спяшайцеся мяне перадаваць анафеме, бо гэта сапраўды так і я зараз усё патлумачу. ...Вось жа, паводле духоўных настаўнікаў хрысціянскага Ўсходу, сэнс духоўнага жыцця ў тым, каб змагацца са сваімі благімі думкамі. Дзеля гэтага вялікі духоўны настаўнік Евагрый з Понту выпрацаваў сістэму, якая называецца па-грэцку antirrhesis («запярэчванне»). Сэнс гэтай сістэмы ў тым, каб карыстацца пэўнымі добрымі думкамі-помысламі супраць думак благіх. 

Помыслы бываюць пазітыўнымі і пярэчлівымі. Пярэчлівыя помыслы – гэта такія думкі, якімі мы адкідаем благія думкам у сваёй галаве, не згаджаемся з тым да чаго яны нас схіляюць, пярэчым ім. Іншымі словамі гаворым благім думкам: «не дазваляю!». Пазітыўныя помыслы – гэта такія думкі, якія звернуты на тое, каб адвярнуць нашую ўвагу ад благіх думак, і той безнадзейнай сітуацыі, якую яны нам навязваюць. Напрыклад я адчуваю сум, але ўзгадваю словы са Святога Пісання, пра тое, што Ісус наказваў сваім вучням: «трэба маліцца і не ўкідацца ў роспач» (Лк. 18:1). Я пачынаю канцэнтравацца на гэтых словах, паўтараць іх, такім чынам словы Святога Пісання, думкі і настрой выкліканы імі, робяцца для мяне зброяй на сум і роспач.

Менавіта ў гэтым сутнасць «закляцця ад дэментора»! Яно – пазітыўны помысл. Дэментары – гэта ўвасабленне безрадаснага, дэпрэсіўнага стану чалавека, з якім магчыма змагацца толькі адзіным спосабам – паверыць, што радасць, якая была ў тваім жыцці, мацнейшая за твае нягоды і што дзякуючы гэтай радасці ты пераможаш. 

Такім чынам бачым, што прынамсі некаторыя вобразы Роўлінг, пры належнай растаропнасці, могуць быць выкарыстаны намі у хрысціянскай катэхезе для таго, каб навучыць дзяцей і дарослых асноўным прыёмам духоўнай барацьбы. Мне здаецца, што такі падыход значна лепшы, чым проста забараніць чытаць добрую казку, гэтым самым выклікаючы ў дзіця ўнутраны канфлікт паміж яго верай у Бога і верай у то, што кніжка пра Гары Потэра таксама добрая. Можа стацца, што бачачы неабгрунтаваную агрэсію з боку людзей, якія забараняюць яму чытаць яго любімую кнігу, дзіця абярэ толькі бок Потэра і несвядома адыдзе ад Бога.

Я ж жадаю вам і сабе, сябры, ніколі не адысці ад Бога, а таксама сапраўднай радасці, крыніцай якой з'яўляецца толькі наш Госпад Ісус Хрыстос. Змагайцеся з сумам і роспаччу ды... добрага вам чытання!








All the contents on this site are copyrighted ©.