2015-02-10 16:53:00

Джоан Кэтлін Роўлінг (ІХ)


Сёння мы працягваем знаёміцца з творчасцю Джоан Кэтлін Роўлінг, на прыкладзе яе вядомай серыі кніг пра Гары Потэра. У мінулай перадачы мы закранулі тэму смерці – так як яе прадстаўляе ў патарыядзе спадарыня Роўлінг, а асабліва мы звярнулі увагу на Дары Смерці. Мы даведаліся, што гэтых дароў тры: самая магутна і непераможная чароўная бузінная палачка, каменьчык, які выклікае памерлых, ды плашч-невядзімка. У свеце чараўнікоў існуе легенда, што той чараўнік, які збярэ ўсе тры Дары ў сябе – пераможа Смерць. Давайце даведаемся, ці мела гэта легенда свой працяг у часы Гары Потера!

Спакуса Дарамі Смерці

У мінулай перадачы, сябры, я ўжо звярнуў вашу ўвагу, што перамога над смерцю – іншымі словамі несмяротнасць – з'яўляецца вельмі пажаданай рэччу для ўсіх персанажаў патарыяды, як адмоўных, гэтак і станоўчых. Смела можна сказаць, што місіс Роўлінг працягвае добрую традыцыю Дж.Р.Р. Толкіна, які аднойчы напісаў, што ў сваёй кнізе «Уладар пярсцёнкаў» ён займаецца перад усім спакусай несмяротнасці.

Ужо напрыканцы першай кнігі «Гары Потэр і Філасофскі камень» чытач сутыкаецца з экзістэнцыяльная праблемай. Праблема палягае на тым, што неабходна знішчыць філасофскі камень, які можа зрабіць несмяротным галоўнага злодзея патарыяды – Воландэморта, але разам з гэтым памрэ чалавек, які гэты камень прыдумаў ды яго жонка. Аднак вынаходца філасофскага каменя згаджаецца на знішчэнне свайго твора. Гары разумее, што гэта азначае выбар смерці, ды запытвае пра гэта Дамблдора. Дырэктар Хогвартса адказвае: «Для высокаарганізаванага розуму смерць - гэта чарговае прыгода».

Гэтыя моцныя, знакавыя словы, якія Роўлінг укладае ў вусна свайго мудрага персанажа, можна назваць яе ўласным сімвалам веры, веры ў вечнае жыццё. Гэтае адно выказванне апісвае галоўны мэсэдж усёй патэрыяды. Той, хто падзяляе веру Роўлінг адмаўляецца ад здабыцця несмяротнасці любым коштам. Так як гэта зрабілі Фламэль (вынаходца філасофскага каменя), Дамблдор, Гары Потэр... Той хто падзяляе веру Роўлінг перакананы: ёсць нешта больш каштоўнае за несмяротнасць... і гэта любоў.

Выбар Дамблдора

Як нечакана даведваецца чытач у апошняй кнізе патарыяды – дырэктар Хогвардса, прафесар Дамблдор з юнацтва шукаў Дары Смерці. Малады Альбус і яго сябра дзяцінства Грін-де-Вальд былі проста апанаваны гэтай ідэяй. Яны марылі, што дзякуючы гэтым дарам яны здабудуць уладу над усім светам, зробяць новы справядлівы парадак. Як жа іранічна гучаў іх дэвіз: «Дзеля агульнага дабра». Дзеля «агульнага дабра» (а ў рэчаіснасці з-за ўласных амбіцый і прагнення ўлады) Альбус занядбоўвае свае абавязкі адносна сваёй сястры Арыяны.

Дамблдор ўжо планаваў адправіцца на пошукі Дароў, аднак Аберфорт (родны брат Альбуса) рашуча запрацівіўся гэтаму. Ён нагадаў брату, што той павінен прыглядаць за хворай Арыянай. Тут умешваецца Грын-дэ-Вальд, які відавочна не хоча згубіць свайго хаўрусніка. Паміж ім і Аберфортам пачалася бойка, і Грын-дэ-Вальд выкарыстаў супраць Аберфорта недазволенае закляцце Круцыатус. Альбус ўстаў у абарону брата. Пад час бойкі хтосьці з траіх кінуў закляцце, якое патрапіла ў Арыяну і забіла яе. Дамблдор усё жыццё пакутваў ад свядомасці таго, што гэта менавіта ён мог неспадзявана забіць уласную сястру. 

Напэўна гэта трагедыя і стала для Альбуса цэбрам вады, дзякуючы якому ён зразумеў, што «агульнае дабро» павінна саступаць дабру канкрэтных людзей. Менавіта гэтае перакананне стала прычынай таго, што Дамблдор адмаўляецца ад пасады Міністра Магіі, у дадатак да гэтага ён ведае: улада можа стацца для яго вялікай спакусай. 

Аднак ад таго, ад чаго адмовіўся Альбус Дамблдор – ад таго не адмаўляецца Геллерт Грын-де-Вальд. Грын-дэ-Вальд пачынае ажыцяўляць планы па сусветным панаванню: ён робіцца ўладальнікам чароўнай самай моцнай палачкі і тыранам у сваёй краіне. Таксама ён будуе турму, куды трапляюць усе тыя, хто не падзяляе яго бачанне агульнага дабра... Альбус да апошняга моманту пазбягае сустрэчы з Грын-дэ-Вальдам, баючыся даведацца ад яго, што гэта сапраўды ён сам забіў сваю сястру. Аднак сустрэчы немагчыма ўнікнуць. У 1945 годзе Дамблдор перамагае свайго былога сябра на дуэлі чараўнікоў. Пасля паядынку з Грын-дэ-Вальдам Дамблдор стаў новым гаспадаром бузіннай палачкі. Сам дырэктар Хогвартса сказаў пра гэта так: «Мне было дазволена валодаць і карыстацца ёю, таму што я ўзяў яе не дзеля выгады, а для таго, каб выратаваць ад яе іншых».

Выбар Гары Потэра

Гары Потэр, у апошняй кнізе патарыяды даведваецца пра існаванне двух груп артэфактаў: першая група – гэта цяжкрыжы, другая група – Дары Смерці. Цяжкрыжы, як мы ўжо ведаем, запэўніваюць несмяротнасць Воландэморту – іх неабходна знішчыць. Дары Смерці даюць зіхатлівую надзею перамогі над Смерцю. Гары ў замяшанні: «Можа, гэта і ёсць адказ? Дары супраць цяжкрыжоў? Усё ж такі ёсць магчымасць, што ён пераможа? Калі ў яго будуць усе тры Дары, можа быць, яны яго абароняць?». Аднак Герміёна нагадвае Гары волю Дамблдора: знішчэнне цяжкрыжоў – вось прыярытэт, вось галоўнае заданне.

Выбар Гары аказаўся слушным. Па-сутнасці знішчэнне цяжкрыжоў – гэты была місія, ад поспеху якой залежылі жыцці іншых людзей – не толькі яго самога. Зусім інакш было з Дарамі. Памкненне валодаць імі было ў сваёй аснове эгаістычным, скіраваным на ўзвялічванне самога сябе... І вось як узнагароду за самаадрачэнне Гары Потэр робіцца ўладальнікам усіх трох Дароў Смерці і, як ужо ведаем, перамагае Смерць, але, канешне, зусім не так, як ён сабе гэта ўяўляў.

Шаноўныя сябры, на гэтым я развітваюся з вамі. Выбірайце па жыцці не «агульнае дабро», а канкрэтнае дабро сваіх блізкіх людзей і... добрага вам чытання.








All the contents on this site are copyrighted ©.