2015-02-10 16:51:00

Джоан Кэтлін Роўлінг (VII)


Сёння мы працягваем знаёміцца з творчасцю Джоан Кэтлін Роўлінг, на прыкладзе яе вядомай серыі кніг пра Гары Потэра. Сёння я прапаную звярнуць нашую ўвагу, не больш не менш, на тое, як раскрывае аўтарка патарыяды тэму... смерці.

Бачыць смерць

У мінулых перадачах, сябры, я трохі ўжо звярнуў вашую ўвагу на тэму смерці. Я перакананы, што менавіта наяўнасць смерці надае праўдападобнасць гісторыі пра Гары Потэра. На працягу першых трох кніг патарыяды чытач прызвычайваецца забаўляцца і перакананы, што з героямі гісторыі нічога благога здарыцца ў прынцыпе не можа... Пакуль раптам у чацвёртай кнізе «Гары Потар і Келіх Агню» не гіне сімпатычны, шляхетны, здольны і разумны хлопец – Седрык Дыгары. Гэта смерць, на маю думку, кардынальна мяняе стаўленне чытача да кнігі! Падобна таму, як смерць нашых блізкіх у нашым сапраўдным жыцці распранае нас з нейкіх ілюзій ды ружовых акуляраў, гэтак смерць Седрыка Дыгары, як цэбар халоднай вады для чытача, які дае яму зразумець, што Роўлінг не збіраецца толькі забаўляць, але таксама хоча нечаму яго навучыць, заклікае да пэўнага росту. Чаго ж хоча нас навучыць пісьменніца, якога росту ад нас чакае?

Напэўна першай рэччу, якой хоча нас навучыць спадарыня Джоан – гэта рэальнасць смерці. Смерць ёсць і табе непазбежна прыйдзецца з ёй сутыкнуцца! Той жа, хто сутыкнуўся са смерцю, бачыў яе, ужо ніколі не будзе ўспрымаць жыццё такім як раней. Гэтую здольнасць у кнізе сімвалізуюць фестралы – лятучыя коні, якіх бачаць толькі тыя, хто бачыў смерць. Чытач «бачыць» смерць Дыгары, «чуе» поўны роспачы вокліч бацькі Седрыка: «Гэта мой хлопчык! Гэта мой – СЫН!»... Гэта шакуючы паварот падзеяў назаўсёды мяняе зрок чытача.

Роўлінг таксама паказвае, як яе героі сустракаюцца з рэальнасць смерці. Вельмі кранальная сцэна, калі маці сямейства Ўвізлі – Моллі Ўвізлі – не можа даць рады з богартам. Богарт – гэта такая магічная істота-хамелеон. Яна прымае аблічча самага моцнага страху таго чалавека, які знаходзіцца побач. І вось чытач бачыць Моллі, якая нястрымна плача перад богартам, які па чарзе прымае аблічча спачатку мёртвага мужа, потым мёртвых шасці сыноў, мёртвай дачкі і мёртвага Гары. Смерць, смерць сям'і – вось галоўны страх, боязь Моллі.

Другая рэч, якой хоча нас навучыць спадарыня Роўлінг – гэта перамога над смерцю. Для некаторых чытачоў было нечаканасцю, калі ў апошняй кнізе Гары Потэр на магільным камені сваіх бацькоў чытае словы са Святога Пісання: «Апошні вораг будзе знішчаны – смерць» (1 Кар. 15:21). Беручы пад увагу ўваскрашэнне галоўнага героя напрыканцы патарыяды, не застаецца сумневу, што гэты верш не проста дэкаратыўнае ўпрыгожванне тэксту, але сапраўдны хрысціянскі мэсэдж пісьменніцы.

Падарункі смерці

Перамога над смерцю – вось мэта не толькі станоўчых герояў патарыяды, але і адмоўных персанажаў – пажыральнікаў смерці. Розніца толькі ў шляху, якім гэта перамога асягаецца, ды ў разуменні гэтай перамогі. Сваё бачанне праблемы выбару пісьменніца адлюстроўвае ў казцы пра трох братоў, якая з'яўляецца вельмі папулярнай у свеце чараўнікоў.

Гэта казка пачынаецца так:

Жылі-былі трое братоў, і вось аднойчы выправіліся яны падарожнічаць. Ішлі яны ў прыцемках далёкай дарогай і прыйшлі да ракі. Была яна глыбокая - ўброд не перайсці, і такая хуткая, што ўплаў не перабрацца. Але браты былі дасведчаныя ў магічных мастацтвах. Узмахнулі яны чароўнымі палачкамі - і вырас над ракою мост. Браты былі ўжо на сярэдзіне моста , як раптам глядзяць - стаіць пасярод дарогі хтосьці, захутаны ў плашч.

Гэтым «хтосьці» была Смерць, яка моцна раззлавалася, што тры ахвяры выслізнулі ад яе ды вырашала адпомсціць. Яна прыкінулася, быццам захоплена майстэрствам братоў, і прапанавала кожнаму выбраць сабе ўзнагароду за тое, што яны яе перахітрылі. Відавочна смерць была пераканана, што сама пажадлівая прырода чалавека схіліць яго прасіць тое, што ўрэшце яго самога і згубіць. Ну і Смерць амаль не памылялася.

Старэйшы брат папрасіў самую магутную чароўную палачку, такую, што яе гаспадар заўсёды перамагаў у паядынку. За гэту палачку яму праз нейкі час перарэзалі горла. Сярэдні брат папрасіў сілу выклікаць памерлых ды атрымаў для гэтага адмысловы чароўны каменьчык. Гэтым каменьчыкам ён выклікаў памерлую дзяўчыны, якую калісьці кахаў, аднак яна не магла знайсці сабе месца ў гэтым свеце, не магла быць па сапраўднаму жывой – таму сярэдні брат з'ехаў з глузду ды забіў сябе. Вось такім чынам Смерць адпомсціла ды забрала да сябе двух братоў. Трэці ж брат, як гаворыць казка, быў «вельмі сціплы і самы мудры з траіх». Ён не асабліва давяраў Смерці, а таму для сябе папрасіў такую рэч, дзякуючы якой ён змог бы схавацца ад яе. Смерць змушана была даць яму свой плашч-невідзімку. Казка заканчвацца сваеасаблівай пахвалой малодшага брата: 

Трэцяга ж брата шукала Смерць шмат гадоў, ды так і не знайшла. А калі малодшы брат быў зусім старым, то сам зняў плашч-невідзімку і аддаў яе свайму сыну. Сустрэў ён Смерць як даўняга сябра і па сваёй волі з ёю пайшоў, і як роўныя сышлі яны з гэтага свету.

З гэтай казкай-легендай у чароўным свеце спалучаецца таксама паданне, што той, хто знойдзе ўсе тры падарункі смерці – зможа яе перамагчы. А вы, сябры, калі б былі на месцы братоў, які падарунак папрасілі б у Смерці? Ну, што ж, нашыя разважанні мы працягнем у наступнай перадачы – а пакуль шукайце, калі хочаце, Дары Смерці і... добрага вам чытання.








All the contents on this site are copyrighted ©.