2015-02-09 12:04:00

Францішак наведаў парафію на рымскай перыферыі


7 лютага 2015 г. папа Францішак наведаў парафію св. Міхала Арханёла ў рымскім раёне Пьетралата, які знаходзіцца ў паўночнай частцы горада і характарызуеца вялікай колькасцю бедных і эмігрантаў. Па прыездзе яго прывіталі мясцовыя скаўты, звяртаючыся да якіх Пантыфік нагадаў пра важнасць удзелу ў нядзельнай Эўхарыстыі. “Калі мне скажаш “не хачу ісці на Імшу, таму што стомлены”, я табе адкажу: Неразумны, ты шмат губляеш! Калі ідзеш на Імшу – атрымліваеш Езуса і становішся больш моцным, каб змагацца ў жыцці”, сказаў Пантыфік. Перш чым прыбыць у парафію Святы Айцец здзейсніў нечаканы візіт у баракі эмігрантаў і бежанцаў, якія раскінуліся ў некалькіх сотнях метраў ад касцёла. Яго жыхары – сярод якіх былі таксама палякі, украінцы і рускія – не хавалі здзіўлення і радасці ад візіту такога высокага госця. Папа паразмаўляў і памаліўся з імі.

Затым, у парафіяльным цэнтры, Францішак сустрэўся з мясцовымі бездомнымі, сем’ям, дзецьмі і моладзю. Гаворачы пра праблемы сужэнскага жыцця, у прыватнасці пра сваркі, якія нярэдка яму спадарожнічаюць, Папа нагадаў пра важнасць пошуку прымірэння напрыканцы кожнага дня. “Магчыма будуць лятаць талеркі – можа здарыцца. Але ніколі не заканчвайце дня не прымірыўшыся”, заклікаў Пантыфік.

Адказваючы на пытанне моладзі пра сваё пакліканне да святарства, Папа параўнаў яго з сужэнствам. Калі выбіраецца святарскае жыццё “адчуваеш тое самае, калі вырашаеш ажаніцца, калі мужчына выбірае жанчыну”, сказаў ён і дадаў, што як святарскае жыццё так і сужэнства звязаны з пэўнымі адмаўленнямі. “Калі заключаю сужэнства з пэўнай асобай – адмаўляюся ад іншых, ад камфорту. Ведзь сужэнскае жыццё нялёгкае”, сказаў Папа.

З дзецьмі і моладзью ён размаўляў таксама аб войнах. Пантыфік нагадаў, што іх крыніцай з’яўлецца дзейнасць злога. “Сатана падштурхоўвае жадаць чагосьці, што табе не належыць. Усё пачынаецца з зайздрасці, рэўнасці. Адна краіна хоча авалодаць іншай – і так пачынаюцца войны, забіваецца вялікая колькасць людзей, людзі ўцякаюць і жывуць на вуліцах. У свеце шмат войнаў, таму што існуе нянавісць. А хто сее нянавісць? – Сатана”, сказаў Пантыфік. Ён дадаў, што мір, у сваю чаргу, паходзіць ад Хрыста. Падчас Эўхарыстыі, Святы Айцец, між іншым, заклікаў вернікаў да частага чытання Евангелля, са “старонак якога прапаведуе сам Езус”.

Візіт у парафію Міхала Арханёла ў Пьетралаце, стаў дзесятым душпастырскім візітам Францішка ў парафіі Рымскай дыяцэзіі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.