2015-02-09 16:56:00

Плёны Святога Духа. Добразычлівасць (I)


У нашай сённяшняй праграме мы працягнем цыкл разважанняў аб плёнах Святога Духа, аўтарам якіх з’яўляецца вядомы італьянскі святар, бібліст і катэхет кс. Фабіа Расіні. У яго рамках мы знаёмімся з сутнасцю хрысціянства, з многімі паняццямі, якія ў сённяшнім свеце згубілі багацце свайго зместу, збяднелі ў чалавечым разуменні. Мы спрабуем зрабіць “перазагрузку” свайго разумення хрысціянства, абнаўленне нашых ведаў, адкідаючы ў бок шматлікія легенды, выдумкі і забабоны, якімі вера “абрасла” на працягу стагоддзяў. Мы спрабуем глядзець на хрысціянства ў кантэксце нашага штодзённага жыцця, спрабуем убачыць яго такім, якое яно ёсць на самой справе.

Асновай для нашых разважанняў, з’яўляюцца словы апостала Паўла з Паслання да Галатаў, у якім святы пералічвае плёны цела і супрацьпастаўляе іх плёнам духа, якія нараджаюцца дзякуючы глыбокім адносінам з Хрыстом. У мінулых праграмах мы ўжо размаўлялі пра плёны стрыманасці, лагоднасці, вернасці, дабрыні. Сёння гаворка пойдзе пра чарговы плён – добразычлівасць.

Варта нагадаць, што мы размаўляем не пра рысы характару, якія могуць належаць або не належаць чалавеку. У цэнтры нашай увагі знаходзяцца плёны Святога Духа, якія даступныя кожнаму, хто мае глыбокія адносіны з Хрыстом, хто дазваляе Святому Духу весці сябе.

Плён добразычлівасці блізка звязаны з плёнам дабрыні і многім можа падавацца, што розніцы паміж імі няма абсалютна ніякай. Тым не менш, яна існуе. Як і ў выпадку з плёнам дабрыні, нам неабходна ясна адрозніваць паняцці пра якія ідзе гаворка. Мы ўжо размаўлялі, што пад дабрынёй можна разумець зусім не тое, што ёй з’яўляюцца. Існуюць тысячы прыкладаў фальшывай дабрыні, якая можа быць скіравана на што заўгодна, але не на самае галоўнае – дабро бліжняга чалавека. Дабрынёй могуць называць паддатлівасць, сляпую пакорнасць, спаўненне любых жаданняў і г.д. Але на самой справе, яна мае дастаткова ясную мэту – сабраўднае, суб’ектыўнае дабро бліжняга чалавека.

Слова “крэстоціс”, якое на беларускую мову перакладаецца як “добразычлівасць”, мае яшчэ адно значэнне – “карыснасць”, “эфектыўнасць”, тое, што вядзе да жаданага выніку. Гэта не толькі ветлівасць і прыязнасць, як можа падавацца пры першасным аналізе гэтага слова.

Добразычлівы – мае інтуіцыю адносна эфектыўнасці сваіх дзеянняў. Ён бачыць мэту, якой неабходна дасягнуць і здольны гэта зрабіць. Ён бачыць карыснасць у рэчах, якія чыніць.

Размаўляючы пра дабрыню мы ставілі ў цэнтр суб’ектыўнае дабро іншага чалавека, тут жа мы сустракаемся з нечым, што прадугледжвае аб’ектыўную мэту.

Добразычлівы бачыць ва ўсіх сітуацыях і асобах добрую мэту. Добразычлівасць – заўсёды канструктыўная перад абліччам розных сітуацый. Яна бачыць сэнс ва ўсіх сітуацыях, якія здараюцца ў жыцці. Жыццёвыя выпадкі для добразычлівага чалавека – гэта заўсёды шанец, новая магчымасць, а не трагедыя і прычына для роспачы. Добразычлівасць заўсёды вядзе да пераадолення розных сітуацый, да росту, пазітыўнай эвалюцыі ва ўмовах цяжкасцяў. Гэта выключна пасхальны позірк на жыццё. Нават у негатыўных рэчах, з якімі сустракаецца, добразычлівы здольны бачыць пазітыў, бачыць карысць, якую яны могуць прынесці.

Часта нашы справы ідуць не так, як бы нам гэтага хацелася. Магчыма перад запланаванай вандроўкай пачаўся моцны дождж ці зламалася машына і мы становімся перад выбарам: наракаць на сітуацыю і праблемы або ўбачыць, што добрага можна зрабіць тут? Добразычлівы, перад абліччам цяжкасцяў пачынае пытаць сябе: а можа гэта да лепшага? Ці не была гэта сітуацыя кіравана мудрай рукой адкуль-небудзь з вышыні? Добразычлівасць – гэта адкрытасць на пазітыў.

Але ўвага. Гаворка не ідзе пра просты аптымізм. Пра людзей, якія бачаць кубак напалову поўным, а не напаловы пустым. Не, гэта добры характар. Мы аднак размаўляем пра іншае. А вось чым добразычлівасць адрозніваецца ад аптымізма, вы даведаецеся ў нашай праграме на наступным тыдні.








All the contents on this site are copyrighted ©.