2015-02-09 16:51:00

Плёны Святога Духа. Дабрыня (І)


У нашай сённяшняй праграме мы працягнем цыкл разважанняў аб плёнах Святога Духа, аўтарам якіх з’яўляецца вядомы італьянскі святар, бібліст і катэхет кс. Фабіа Расіні. У яго рамках мы знаёмімся з сутнасцю хрысціянства, з многімі паняццямі, якія ў сённяшнім свеце згубілі багацце свайго зместу, збяднелі ў чалавечым разуменні. Мы спрабуем зрабіць “перазагрузку” свайго разумення хрысціянства, абнаўленне сваіх ведаў, адкідаючы ў бок шматлікія легенды, выдумкі і забабоны, якімі наша вера абрасла на працягу стагоддзяў. Мы спрабуем глядзець на хрысціянства ў кантэксце нашага штодзённага жыццём, спрабуем убачыць яго такім, якое яно ёсць на самой справе. Сёння ў цэнтры нашай увагі будзе чарговы плён Святога Духа – дабрыня. Але перш чым пачаць заглядаць у глыбіню гэтага паняцця, ўзгадаем, што размова ідзе менавіта пра плёны – плёны Святога Духа. Існуе вялікая розніца паміж плёнам і зернем – зерне, гэта пачатак, а плён – гэта вынік працэсу. У нашым выпадку размова ідзе менавіта пра плёны, а не пра зерні. Мы размаўляем пра стрыманасць, дабрыню, радасць, велікадушнасць, якія з’яўляюцца плёнамі глыбокі, трывалых і асабістых адносін з Богам, а не рысамі характару ці нашымі схільнасцямі. Плёны Святога Духа не даюцца ад нараджэння – яны атрымліваюцца ў выніку блізкасці з Хрыстом.

Святы Павел на старонках Паслання да Галатаў адзначае, што існуюць плёны цела і плёны духа, якія адрозніваюцца паміж сабой. Тое самае можна сказаць і пра значэнне тых ці іншых паняццяў, якімі мы часта карыстаемся. У выпадку плёна Святога духа, дабрыні, важна памятаць, што існуе і іншая дабрыня – скажам так, дабрыня эліністычнага паходжання, у цэнтры якой знаходзіцца ўласнае добрае імя, адчуванне, можа нават несвямомая карысць.

Дабрыня, у хрысціянскім разуменні не з’яўляецца слодычу, зручнасцю для ўсіх, не мае нічога супольнага з усмешкамі ў недарэчных сітуацыях і іншымі падобнымі рэчамі. Дабрыня, у хрысціянскім разуменні, гэта здольнасць даваць лепшае з сябе. Дабрыня чалавечая – гэта плён чалавечай волі, дабрыня евангельская – плён адносін з Богам.

Новазапаветная дабрыня, не заключаецца ў тым, каб бараніць сваё добрае ўспрыняцце іншымі людзьмі. Хрысціяніну не трэба быць добрым для самаго сябе. Зараз вельмі модна, быць зручным, салодкім, вясёлым, дасціпным, але часта мэта гэтага заключаецца ва ўласным камфорце. Мы нібыта хочам самі сябе адчуваць добрымі і падавацца такімі. Але тут знаходзіцца фундаментальная адметнасць ад хрысціянскай дабрыні – хрысціянін добры не таму што хоча такім сябе адчуваць, але таму, што хоча, каб іншыя адчувалі сябе добра. У хрысціянстве ўвага заўсёды пераходзіць з самаго сябе на іншага чалавека. У цэнтр становіцца дабро іншага чалавека. Плён Святога Духа, дабрыня заключаецца ў тым, каб быць здольным разумець, што з’яўляецца па-сапраўднаму добрым для іншага. Іншы чалавек становіцца аб’ектам нашай увагі.

Такім чынам мы выходзім па-за рамкі аб’ектыўна добрых ці кепскіх учынкаў, але ўваходзім у сферу учынкаў суб’ектыўна добрых для іншага. Становіцца другасным маё адчуванне, а на першае месца становіцца – ці прынеслі мае ўчынкі дабро іншаму. Рабіць рэчы, якія вядуць да дабра іншага.

Напэўна кожнаму з нас знаёма адчуванне, якое ўзнікае калі атрымалася зрабіць па-сапраўднаму нешта добрае для іншага чалавека. Вельмі банальныя і элементарныя прыклады: задавальненне ад таго, што іншаму падабаюцца стравы, прыгатаваныя тваімі рукамі. Ці напрыклад задавальненне, якое ўзнікае калі зробіш дзіцяці нешта нязначнае і бачым, як гэта выклікае радасць і вяселле. Задавальненне ад таго, хто каханая шчаслівая ад твайго сюрпрыза ці падарунка. Задавальненне і радасць ад таго, што хворы, аб якім клапаціўся папраўляецца. Такім чынам радасць, задавальненне, шчасце іншага становяцца аб’ектамі дабрыні. Сапраўднамя дабрыня скіравана на як мага лепшы вынік у адносінах да іншага.

Важна ўдакладніць, што мэтай добрых учынкаў у адносінах да іншага не павінна стаць проста павярхоўнае задавальненне. Часам, дабром можа быць і дастаткова моцны і нават непрыемны штуршок, які дапаможа дарагому чалавеку стаць лепшым. Дабрыня, гэта не заўсёды нешта прыемнае, таму што дабро бліжняга, гэта не заўсёды тое, чаго ён жадае. Зразумела, што калі ўрач не дазваляе нам спажываць тыя ці іншыя рэчы, якія нам падабаюцца – гэта не азначае, што ён не жадае нам дабра. Наадварот – клапоціцца пра наша дабро.

Калі бацька дае сыну толькі тое, чаго той у яго патрабуе – такі бацька не каштуе нічога. Ён толькі хоча быць добрым ва ўласным разуменні: не папраўляе сваё дзіця і наадварот, стварае для яго шмат праблем, якія выявяцца з часам. Сталы бацька – здольны нават расчароўваць сына. Мэтай нашых учынкаў не павінна быць проста задавальненне жаданняў іншага. Па-сапраўднаму добры чалавек – гэта той, хто робіць дабро іншаму, нават насуперак яму самаму. Але канешне тут гаворка не ідзе пра дыктатуру і апантанасць абмежаваннямі.

Такім чынам мы бачым, што дабрыня не заключаецца ў тым, каб дазваляць усё, і ў той жа момант, не ў тым, каб забараняць і трымаць заўсёды пад калпаком. Але як прыйсці да па-сапраўднаму мудрай і разважлівай евангельскай дабрыні? Пра гэта мы пагаворым у нашай праграме на наступным тыдні.








All the contents on this site are copyrighted ©.