7 лютага 2015 г. папа Францішак скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў падрыхтоўчай канферэнцыі міжнароднай выставы “Expo 2015”, якая пройдзе сёлета ў Мілане. Звяртаючыся да амаль 500 палітыкаў, бізнесмэнаў, прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў міжнародных арганізацый, якія будуць прымаць удзел у форуме, Святы Айцец нагадаў пра драму людзей, якія пакутуюць ад голаду і вымушаны змагацца за выжыванне. Папа назваў парадаксальнай сітуацыю пры якой сусветная вытворчасць ежы, здольная забяспечыць прадуктамі ўсё насельніцтва планеты, не адпавядае іх раўнаму размеркаванню з прычыны марнатраўства і празмернага спажывання.Калі мы хочам па-сапраўднаму вырашыць праблемы і не згубіцца ў сафістыцы, “неабходна разабрацца з каранямі ўсіх праблем, якія палягаюць у няроўнасці”, сказаў Папа. Ён звярнуўся да удзельнікаў будучага сусветнага форума, з некаторымі прапановамі. На яго думку, прыярытэтным з’яўляецца адмаўленне ад абсалютнай аўтаноміі рынкаў і фінансавай спекуляцыі і вырашэнне структурных прычын няроўнасці. Годнасць чалавека і супольнае дабро, паводле Святога Айца, павінны быць стаўпамі, на якіх будзе трымацца эканамічная палітыка.
Пантыфік заклікаў таксама памятаць пра важнасць абароны навакольнага асяродзя. “Зямля была нам даверана, таму што можа быць для нас маці, здольнай даваць усё неабходнае для жыцця кожнаму”, сказаў Папа. Ён заклікаў перадаць планету нашчадкам у “палепшаным” выглядзе. Гэты абавязак, падкрэсліў Папа, тычыцца не толькі хрысціян, але ўсіх людзей.
All the contents on this site are copyrighted ©. |