2015-02-06 14:50:00

Нічога не вядома пра парушэнні закона святарамі ў Беларусі


5 лютага 2015 г. Гомель наведаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка. Ён сустрэўся з мясцовымі ўладамі і студэнтамі, а таксама адкрыў выставу вядомага польскага мастака Анжэя Струмілы, якую ў тым ліку наведалі польскія каталіцкія святары, што служаць у Гомелі. А парафіянка касцёла Вольга Цярэшчанка праспявала для дэлегацыі песні па-польску і па-беларуску.

Падчас размовы з журналістамі дыпламат адказаў на пытанне наконт заявы Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі аб тым, што некаторыя польскія святары, якія служаць у Беларусі, парушаюць заканадаўства: “Мне нічога не вядома пра такія факты. Наколькі я ведаю, былі сустрэчы на высокім узроўні тут, у Беларусі. У вас і ў нас Касцёл - гэта крыху асобная дзяржава, мы тут не прымаем ніякага ўдзелу, гэтым займаецца Апостальскі нунцый і кіраўніцтва вашага Каталіцкага Касцёла,  якое выступіла з заявай на гэты конт і чакае ад спадара Гулякі інфармацыі, аб якіх канкрэтна ксяндзах ён казаў у сваім выступе”, - пракаментаваў польскі пасол.

Нагадаем, што каталіцкі епіскапат Беларусі на пазачарговым пленарным пасяджэнні 30 студзеня абмеркаваў агучаныя абвінавачванні ў адрас польскіх святароў, якія служаць у Беларусі, а таксама ў незацікаўленасці кіраўніцтва Каталіцкага Касцёла ў падрыхтоўцы сваіх святароў. Біскупы адзначылі, што звярнуліся да спадара Гулякі з просьбай прадставіць канкрэтныя факты па выказаных абвінавачваннях і з прапановай у будучыні прадметна абмяркоўваць падобныя праблемы непасрэдна з кіраўніцтвам Касцёла. У той жа час біскупы адзначылі, што лічаць такога кшталту абвінавачанні неабгрунтаванай абразай Каталіцкага Касцёла і распальваннем міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасці.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія








All the contents on this site are copyrighted ©.