2015-02-05 15:02:47

Папа заклікаў епіскапаты да супрацоўніцтва ў справе абароны непаўналетніх


RealAudioMP3 Праз некалькі дзён у Рыме адбудзецца першая сустрэча ў поўным складзе Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, заснаванай Францішкам у сакавіку 2014 г. З гэтай нагоды Святы Айцец скіраваў старшыням біскупскіх канферэнцый, настаяцелям інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця ліст з просьбай аб супрацоўніцтве з камісіяй, у склад якой увайшлі высокакваліфікаваныя асобы, вядомыя сваёй дзейнасцю ў галіне аховы дзяцей.

У сваім лісце Папа нагадаў, што падчас сустрэчы з людзьмі, якія падвергліся сексуальнаму насіллю з боку святароў, ён быў глыбока крануты сведчаннем іх пакут і сілы веры. Гэта сустрэча зацвердзіла яго ў імкненні зрабіць усё магчымае для таго, каб пазбавіць Касцёл ад насілля над непаўналетнімі і адкрыць шлях да прымірэння і загаення ран.

На думку Папы, камісія можа стаць “новай, важнай і эфектыўнай прыладай” абароны непаўналетніх на ўсіх узроўнях Касцёла – на узроўні біскупскіх канферэнцый, парафій, інстытутаў кансэкраванага жыцця, таварыстваў апостальскага жыцця і іншых. Сем’і павінны ведаць, што Касцёл прыкладае ўсе намаганні, каб абараніць іх дзяцей, - гаворыцца ў лісце Святога Айца. - Акрамя таго, яны павінны ведаць, што маюць поўнае права звярнуцца ў Касцёл з упэўненасцю, што гэта – бяспечны дом.

Пантыфік заклікаў прыкладаць усе намаганні для таго, каб гарантаваць поўную рэалізацыю палажэнняў цыркулярнага ліста Кангрэгацыі Веравучэння ад 3 траўня 2011 г. Гэты дакумент быў распрацаваны для таго, каб дапамагчы біскупскім канферэнцыям у распрацоўцы кіруючых прынцыпаў для разгляду выпадкаў сексуальнага насілля над непаўналетнімі з боку касцёльных асоб. Біскупскія канферэнцыі павінны перыядычна пераглядаць гэтыя нормы і кантраляваць іх выкананне.

Папа нагадаў, што адказнасць за бяспеку непаўналетніх у парафіях і іншых касцёльных установах нясуць дыяцэзіяльныя біскупы і вышэйшыя настаяцелі. Ахвярам насілля і іх сем’ям неабходна прапаноўваць праграмы псіхалагічнай і духоўнай дапамогі. Сустрэчы з пацярпелымі даюць каштоўную магчымасць выслухаць іх і папрасіць прабачэння, гаворыцца ў лісце папы Францішка.








All the contents on this site are copyrighted ©.