2015-02-04 16:11:59

Баснійскія мусульмане чакаюць візіту Пантыфіка


RealAudioMP3 Візіту папы Францішка ў Сараева, які плануецца 6 чэрвеня 2015 г., з вялікім энтузіязмам чакаюць таксама і мусульмане Босніі і Герцагавіны. Пантыфік будзе для нас жаданым госцем, сказаў вялікі муфтый Хусэйн Кавазовіч падчас нядаўняй сустрэчы з кардыналам Вінка Пулічам, паведаміла мясцовае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва “КТА”. Баснійскія мусульмане “маюць асаблівую радасць з прыбыцця Папы і яго прыхільнасці да абароны годнасці чалавечай асобы”, сказаў мусульманскі лідэр. Ён падтрымаў занепакоенасць Францішка лёсам бедных і ўразлівых слаёў грамадства.

Святы Айцец абвясціў свой аднадзённы візіт у Сараева ў мінулую нядзелю. Цэнтральнымі падзеямі гэтай кароткай паездкі, паводле першай інфармацыі мясцовай Канферэнцыі Біскупаў, стануць: Эўхарыстыя, сустрэча з Прэзідэнтам Бакірам Ізетбегавічам і рэлігійнымі лідэрамі краіны.

Паводле перапісу 2013 г. прыкладна палова з 3,8 млн жыхароў Босніі і Герцагавіны – мусульмане, наступная траціна з’яўляюцца членамі Сербскай Праваслаўнай Царквы. З больш за 800 тыс. католікаў, якія жылі на тэрыторыі цяперашняй Босніі і Герцагавіны да вайны ў перыяд паміж 1992 і 1995 гадамі, палова збеглі або былі выгнаны. Да Каталіцкага Касцёла ў цяперашні час належаць усяго каля 440 тыс. чалавек.

Падарожжа Францішка ў Боснію і Герцагавіну стане яго другім “еўрапейскім” апостальскім візітам. У верасні 2014 г. ён наведаў іншую балканскую краіну – Албанію. Акрамя таго, 25 лістапада 2014 г. Святы Айцец здзейніў падарожжа ў еўрапейскія структуры ў Страсбургу – Еўрапарламент і Савет Еўропы. Але ў рамках гэтага візіту ён не сустракаўся з мясцовай каталіцкай супольнасцю.







All the contents on this site are copyrighted ©.