2015-02-03 14:30:44

Святы Пасад мабілізуе да малітвы і разважання супраць гандлю людзьмі


RealAudioMP3 Барацьба супраць гандлю людзьмі павінна аб’яднасць прадстаўнікоў усіх поглядаў, канфесій і рэлігій, лічыць кардынал Пітэр Тарксан, старшыня Папскай рады “Iustitia et pax”. Пурпурат прыняў удзел у прэзентацыі Міжнароднага дня малітвы і разважання супраць гандлю людзьмі, якая прайшла 3 лютага 2015 г. у Ватыкане. Ён будзе адзначацца ўпершыню 8 лютага 2015 г. пад дэвізам: “Запалі святло супраць гандлю людзьмі”. Мэта Міжнароднага дня заключаецца ў малітоўнай мабілізацыі і “мабілізацыі сумленняў” на сусветным узроўні супраць феномену сучаснага рабства. Таму да разважання і малітвы заклікаюцца ўсе, незалежна ад поглядаў і веравызнання. “Ад разважання – да малітвы, ад малітвы – да салідарнасці, ад салідарнасці – да канкрэтных дзеянняў, пакуль рабства і гандаль людзьмі не будуць выкаранены”, - патлумачыў кардынал Тарксан.

Пра ўстанаўленне Міжнароднага дня малітвы і разважання супраць гандлю людзьмі было абвешчана напрыканцы лістапада 2014 г. Ініцыятарамі выступілі шэраг ватыканскіх дыкастэрый, а таксама міжнародныя аб’яднанні вышэйшых настаяцеляў жаночых і мужчынскіх манаскіх супольнасцяў. Многія з іх на працягу доўгіх гадоў змагаюцца супраць феномену сучаснага рабства і дапамаюць ахвярам гандляроў людзьмі.

У якасці даты святкавання Дня малітвы і разважання быў выбраны дзень літургічнага ўспаміну св. Жазэфіны Бакіты – суданскай жанчыны, якая прайшла шлях ад рабыні да законніцы, пазнаўшы шмат прыніжэнняў, духоўных і цялесных пакут.

Кожны год ахвярамі гандляроў людзьмі становяцца каля 2,5 млн. чалавек, 60% з якіх складаюць дзеці. Гэты від злачыннай дзейнасці з’яўляецца адным з самых прыбытковых, пасля гандлю зброяй і наркотыкамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.