2015-02-03 11:21:46

Пантыфік заклікаў да практыкавання малітвы сузірання


RealAudioMP3 Штодзённае разважанне Евангелля дапамагае мець сапраўдную надзею, – гэта думка стала лейтматывам гаміліі Святога Айца, якую ён прамовіў 3 лютага 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Пантыфік чарговы раз заклікаў вернікаў мець штодзённы кантакт са Святым Пісаннем і прысвяціць на дыялог з Богам хаця б 10 хвілін, не марнуючы час на мыльную оперу або на пляткарства. Угляданне ў Хрыста, Пантыфік назваў “ядром надзеі” і спаслаўся на фрагмент Паслання да Габрэяў. Ён падкрэсліў, што не слухаючы Пана, мы, магчыма, можам “мець аптымізм, быць станоўчымі”, але ніколі не пазнаем надзеі. Папа запрасіў вернікаў практыкаваць “малітву сузірання”, якая становіцца магчымай толькі “з Евангеллем у руках”. Езус, ходзячы сярод натоўпу, успрымаў кожнага з прысутных у ім асобна. Ён “адчувае біццё сэрца кожнага з нас”, падкрэсліў Францішак.

Малітва сузірання – гэта ўяўленне сябе ўдзельнікам евангельскай сітуацыі і размова з Езусам, Які прысутнічае ў ёй, дадаў Папа і заклікаў сабраных у капліцы Дому св. Марты да практыкавання такога віду малітвы. Вынікам малітвы сузірання з’яўляецца надзея, падкрэсліў ён.

Пантыфік заклікаў захоўваць “памяць пра ўсе шляхі мінулага” і “шматлікія ласкі, атрыманыя ад Пана”. Не забывацца таксама і пра тое, што Хрыстус – адзіны, хто можа даць надзею. Таму трэба ўглядацца ў Яго праз Евангелле.







All the contents on this site are copyrighted ©.