2015-02-02 13:03:13

Святы Айцец да літоўскіх біскупаў: бараніць сям'ю ад уплыву ідэалогій


RealAudioMP3 2 лютага 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі групу літоўскіх біскупаў, якія прыбылі ў Ватыкан з візітам “ad Limina Apostolorum”. Святы Айцец прыватна паразмаўляў з кожным з адзінаццаці літоўскіх іерархаў і ўрычыў ім тэкст сваёй загадзя падрыхтаванай прамовы. Пантыфік пачаў яе з падзякі за сведчанне аб Езусе Хрысце, якое далі біскупы, якія перажылі сумны перыяд пераследаў. “Літва заўсёды мела пастыраў блізкіх да свайго статку і салідарных з ім. На працягу гісторыі краіны, яны дбайна суправаджалі свой народ не толькі на шляху веры і змагання з матэрыяльнымі цяжкасцямі, але таксама ў грамадзянскім і культурным будаўніцтве грамадства, якое знаходзіць ўласны гістарычны і тоеснасны субстрат у сіле Евангелля і любові да Найсвяцейшай Маці Божай”, напісаў Папа. Францішак адзначыў, што знаёмы з цяжкасцямі, якія стаяць перад Каталіцкім Касцёлам у Літве. Калі раней, яны былі звязаны з пераследам з боку рэжымаў заснаваных на ідэалогіях супрацьлеглых годнасці і свабодзе чалавека, то сёння тычацца, галоўным чынам, праблем звязаных з секулярызмам і рэлятывізмам. Папа заклікаў, абвяшчаючы Евангелле, не забываць пра канструктыўны дыялог “таксама і з тымі, хто не прыналежыць да Касцёла і далёкі ад рэлігійнага досведу”. “Клапаціцеся, каб хрысціянскія супольнасці заўсёды былі месцамі гасціннасці, адкрытага і канструктыўнага дыялогу, стымулам для ўсяго грамадства ў дасягненні супольнага дабра”, пажадаў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў пра важнасць падрыхтоўкі шчодрых і здольных да ахвярнасці святароў і асаблівую ўвагу звярнуў на неабходнасць у свецкіх верніках, “здольных браць на сябе адказнасць унутры самой касцёльнай супольнасці і даваць сапраўдны хрысціянскі ўнёсак грамадству”.

Гаворачы пра агульныя для Еўропы праблемы ў сферы сям’і, Папа нагадаў пра дэстабілізуючы ўплыў ідэалогій, якія “з’яўляюцца плёнам нядобра зразуметага сэнсу асабістай свабоды”. “Векавыя літоўскія традыцыі”, на думку Святога Айца, павінны дапамагчы мясцоваму Касцёлу адказаць на гэты выклік згодна з розумам і верай.

Францішак нагадаў пра важнасць асаблівай малітвы аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, падкрэсліў неабходнасць клопату пра бедных і шматлікіх эмігрантаў, асабліва маладых. “Рост іх колькасці і іх патрэбы заклікаюць да душпастырскай увагі і клопату з боку Біскупскай Канферэнцыі, каб маглі захаваць веру і літоўскія рэлігійныя традыцыі”, лічыць Пантыфік.

У рамках візіту “ad Limina Apostolorum” літоўскія іерархі наведаюць усе ватыканскія дыкастэрыі, сустрэнуцца з іх кіраўнікамі і адказнымі супрацоўнікамі, каб абмеркаваць актуальныя праблемы і ініцыятывы.








All the contents on this site are copyrighted ©.