2015-02-01 12:20:38

Святы Айцец плануе наведаць Боснію і Герцагавіну


RealAudioMP3 1 лютага 2015 г. папа Францішак абвясціў аб сваім намеры наведаць Боснію і Герцагавіну. Аб гэтым ён паведаміў на заканчэнне малітвы “Анёл Панскі” звяртаючыся да вернікаў сабраных на плошчы св. Пятра. “Хачу абвясціць, што ў суботу 6 чэрвеня, калі Богу будзе заўгодна, я накіруюся ў Сараева, сталіцу Босніі і Герцагавіны. Прашу вас, ад гэтага часу маліцца, каб мой візіт да гэтага дарагога народу стаў натхненнем для каталіцкіх вернікаў, зачынам дабра і паспрыяў братэрскай кансалідацыі, міру, міжрэлігійнаму дыялогу, сяброўству”, сказаў Святы Айцец. Падарожжа Францішка ў Боснію і Герцагавіну стане яго другім “еўрапейскім” душпастырскім візітам. У верасні 2014 г. ён наведваў іншую балканскую краіну – Албанію. Акрамя таго, 25 лістапада 2014 г. Святы Айцец здзейніў падарожжа ў еўрапейскія структуры ў Страсбургу – Еўрапарламент і Савет Еўропы. Але ў рамках гэтага візіту ён не сустракаўся з мясцовай каталіцкай супольнасцю.

Апошні раз Боснію і Герцагавіну наведваў св. Ян Павел ІІ. За час свайго пантыфікату ён зрабіў гэта двойчы: у красавіку 1997 г. і ў чэрвені 2003 г. Калолікі ў гэтай краіне складаюць каля 15% насельніцтва. Каля 30% з’яўляюцца праваслаўнымі і 40% – мусульманамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.