2015-01-30 14:28:58

У Ватыкане адчыніцца цырульня для бяздомных


RealAudioMP3 Па ініцыятыве Апостальскага элемазінарыя, арцыбіскупа Конрада Краеўскага, пачынаючы з 16 лютага 2015 г., у Ватыкане пачне працаваць цырульня для бяздомных. Шматлікія валанцёры ўжо ахвяравалі ўсе патрэбныя прылады: нажніцы, брытвы, грабянцы, люстэркі і крэслы. Такім чынам, бяздомныя змогуць не толькі скарыстацца душавымі кабінкамі і прыбіральнямі, устаноўленымі нядаўна ля плошчы св. Пятра, але і пастрыгчыся, і пагаліцца. Гэтая паслуга будзе аказвацца па панядзелках, калі ў звычайных цырульнях выхадны дзень.

Прызначаючы арцыбіскупа Краеўскага на пост элемазінарыя, папа Францішак заклікаў яго не сядзець за пісьмовым сталом, а прыносіць канкрэтную карысць абяздоленым. “Тое, да чаго мы імкнёмся – гэта дапамагчы чалавеку захаваць уласную годнасць, - сказаў папскі элемазінарый у інтэрв’ю італьянскаму агенцтву ANSA. - Чалавек, які не мае магчымасці памыцца – адрынуты грамадствам. Вядома, недастаткова прыняць душ і памыць бялізну. Для прафілактыкі хвароб трэба мець у парадку валасы і бараду. У звычайнай цырульні бяздомнаму ў гэтым часцей за ўсё адмаўляюць з-за страху заразіць кліентаў хваробамі, напрыклад, каростай”. Улічваючы, што бяздомныя часта сустракаюцца ў грамадскім транспарце, іх стрыжка прынясе “агульную выгоду ўсяму гораду”, - перакананы арцыбіскуп Краеўскі.







All the contents on this site are copyrighted ©.