2015-01-30 12:38:23

Папа да каталіцкіх і праваслаўных тэолагаў: паглыбіць братэрскае сяброўства


RealAudioMP3 30 студзеня 2015 г. папа Францішак правёў сустрэчу з членамі Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Дзейнасць камісіі была распачата ў 2003 г. у рамках супольнай ініцыятывы царкоўных уладаў Усходніх Праваслаўных Цэркваў і Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. У сваім звароце Пантыфік падзякаваў каталіцкім і праваслаўным тэолагам за працу, накіраваную на разгледжанне пытанняў адзінства Царквы ў першыя стагоддзі яе гісторыі, а таксама іх значэння для пошуку адзінства ў наш час. Камісія распачала таксама паглыбленае вывучэнне прыроды сакрамэнтаў, перш за ўсё, хросту. Францішак выказаў надзею, што гэта праца зможа прынесці плёны для агульнага тэалагічнага пошуку і дапаможа “паглыбіць братэрскае сяброўства”.

Святы Айцец узгадаў “руплівага Слугу Божага” Ігнацыя Зака Іваса – главу Сірыйскай Праваслаўнай Царквы, Патрыярха Антыёхіі і ўсяго Усходу, які пайшоў з жыцця ў мінулым годзе.

Пантыфік у чарговы раз выказаў занепакоенасць у сувязі з падзеямі, якія адбываюцца на Блізкім Усходзе, асабліва ў Іраку і Сірыі. Па яго словах, жыхары гэтага рэгіёна, у тым ліку і хрысціяне, і многія меншасці, перажываюць наступствы “знясільваючага канфлікту”. Спадзеючыся на дабрыню і спачуванне Бога, папа Францішак штодня моліцца аб хуткім дыпламатычным рашэнні для тых, хто сутыкнуўся з гэтай “бязмежнай трагедыяй”. Ён заклікаў усіх хрысціян да супрацоўніцтва, “узаемнага прызнання і даверу” дзеля дасягнення міру і справядлівасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.