2015-01-24 15:06:49

Францішак: святасць жыцця – гэта адзіны правільны шлях да еднасці хрысціян


RealAudioMP3 “Жаданне аднавіць адзінства ўсіх хрысціян натуральным чынам прысутнічае ва ўсіх Цэрквах і ахоплівае як духавенства, так і свецкіх. І манаскае жыццё, якое сыходзіць сваімі каранямі да волі Хрыста і агульнай традыцыі непадзеленага Касцёла, без сумневу, нясе з сабой адмысловае пакліканне ў прасоўванні гэтага адзінства”, - лічыць папа Францішак. 24 студзеня 2015 г. ён сустрэўся з членамі манаскіх кангрэгацый, якія сабраліся ў Рыме на экуменічную сустрэчу, прымеркаваную да Года кансэкраванага жыцця. Пантыфік нагадаў, што “не выпадкова многія піянеры экуменізму былі кансэкраванымі асобамі”. Манскія супольнасці і сёння з’яўляюцца “прывілеяваным месцам сустрэчы паміж хрысціянамі розных традыцый”. Таксама на прыкладзе манаскагага жыцця можна дакладна ўбачыць, “што адзінства не з’яўляецца плёнам нашых высілкаў, гэта – дар Святога Духа, Які стварае еднасць у разнастайнасці”, адзначыў Папа.

“Няма адзінства без навяртання”, - падкрэсліў Францішак. “Манаскае жыццё нагадвае нам, што цэнтрам пошуку адзінства, і, такім чынам, кожнага экуменічнага высілку, з’яўляецца ў першую чаргу навяртанне сэрца, якое ўключае ў сябе просьбу і згоду на прабачэнне”, - дадаў ён.

“Няма адзінства без малітвы”, - працягнуў Пантыфік. І менавіта манскае жыццё з’яўляецца “школай малітвы”. Экуменічным намаганням адпавядае, у першую чаргу, малітва да аднаго Пана; і ў асноўным яны грунтуюцца на малітве. Францішак заклікаў законнікаў і законніц маліцца за адзінства хрысціян і перавесці гэту малітву ў шэраг “паўсядзённых жэстаў”.

“Няма адзінства без святасці жыцця”, - падкрэсліў Францішак. Больш за тое, менавіта “святасць жыцця – гэта адзіны правільны шлях да еднасці". Тут, Пантыфік зацытаваў саборны Дэкрэт пра экуменізм “Unitatis redintegratio: “Няхай усе вызнаўцы Хрыста памятаюць, што яны тым больш будуць садзейнічаць справе еднасці хрысціянаў, а нават ажыццяўляць яе, чым больш будуць імкнуцца весці беззаганнае жыццё ў духу Евангелля. Наколькі цеснай будзе сувязь з Айцом, Словам і Духам, настолькі лягчэй ім будзе паглыбіць і пабудаваць узаемныя братэрскія адносіны” (п. 7).

Святы Айцец падзякаваў кансэкраваным асобам за сведчанне адзінства сваім жыццём і паабяцаў сваю малітву, каб Бог благаславіў іх служэнне і “натхніў на нястомную працу для спакою і паяднанне паміж усімі Цэрквамі і хрысціянскімі супольнасцямі”.







All the contents on this site are copyrighted ©.