2015-01-24 15:57:52

Пантыфік пра важнасць сужэнскага працэсу


RealAudioMP3 У Касцёле сёлета адзначаецца 10-я гадавіна публікацыі Інструкцыі “Dignitas connubii” (Годнасць сужэнства), якая адносіцца да разгляду спраў аб прызнанні несапраўднасці сужэнства ў дыяцэзіяльных і міждыяцэзіяльных трыбуналах. З гэтай нагоды ў рымскім Грыгарыянскім універсітэце прайшоў Міжнародны кангрэс, удзельнікаў якога 24 студзеня 2015 г. у Ватыкане прыняў на аўдыенцыі Святы Айцец. Папа назваў Інструкцыю “сціплым, але карысным даведнікам”, які даводзіць да ведама працаўнікоў судоў адзіны парадак праходжання працэсу, які з’яўляецца і бяспечным, і хуткім. Бяспечным – таму, што ён “выразна паказвае і тлумачыць мэту працэсу, а менавіта маральную пэўнасць”. Хуткім – таму, што з’яўляецца “навучаннем супольнага досведу”. Інструкцыя прапануе таксама спосаб вядзення працэсу, “пазбаўленага рознага роду фармалізму”, падкрэсліў Папа.

Францішак нагадаў аб ролі абаронцы сувязі ў сужэнскім працэсе, важнасць якога падкрэслівае “Dignitas connubii”. Яго прысутнасць і вернасць выкананню сваёй задачы не ўплывае на суддзю, але дазваляе і заахвочвае да бесстароннасці працы апошняга, прапануючы яму аргументы за і супраць абвяшчэння несапраўднасці сужэнства.

Інструкцыя “Dignitas connubii” была прадстаўлена ў Ватыкане 8 лютага 2005 г. Гэты дакумент пакліканы дапамагчы ў інтэрпрэтацыі Кодэкса Кананічнага Права адносна сцвярджэння несапраўднасці сужэнства. 219-старонкавая Інструкцыя, была складзена пры супрацоўніцтве некалькіх ватыканскіх дыкастэрый. Яна мае за мэту аказанне дапамогі суддзям і ўсім асобам, занятым у касцёльных судах, надзеленых паўнамоцтвамі вырашэння пытанняў, звязаных з сужэнскім працэсам, сэнс якога заключаецца не ў знішчэнні існуючай сувязі, а ў пацвярджэнні, у імя Касцёла, несапраўднасці сужэнства з самага пачатку.

“Dignitas Connubii” стаў вынікам вялікай працы, распачатай у 1996 г. па просьбе Яна Паўла II.







All the contents on this site are copyrighted ©.