2015-01-23 15:05:36

Папа Францішак: Бог даруе ўсё і заўсёды


RealAudioMP3 Споведзь – гэта не суд, а сустрэча з Богам, які даруе ўсе грахі таго, хто нястомна моліць Яго аб міласэрнасці, адзначыў папа Францішак 23 студзеня 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік паразважаў над урыўкам з Ліста да Габрэяў, у якім гаворыцца пра “новы запавет” паміж Богам і абраным народам. У аснове гэтага запавету, па словах Папы, ляжыць прабачэнне. “Бог даруе заўсёды! Ён не стамляецца дараваць. Гэта мы стамляемся прасіць прабачэння”, – сказаў Святы Айцец. “Калі ты шмат грашыў, нарабіў у жыцці шмат дрэннага, але ў канцы пакаяўся, то прасі прабачэння, і Ён даруе!”. На думку Папы, гэтага досыць, “ніякай платы больш не трэба”, таму што за нас ужо заплаціў Езус”. Папа прывёў прыклад блуднага сына, які рыхтаваўся да сустрэчы з бацькам, а той нават не даў яму раскрыць рот, проста моцна сціснуў яго ў абдымках.

“Няма граху, які б не прабачыў Бог,” – сказаў Папа. На яго думку, гэтак жа павінны паступаць і святары, якія прымаюць споведзь: дараваць чалавеку грахі і забывацца пра іх. Споведзь – гэта не суд, а сустрэча. Пантыфік са смуткам адзначыў, што нярэдка споведзь ператвараецца ў механічную фармальнасць. Неабходна вучыць моладзь таму, што ісці на споведзь трэба не як у хімчыстку, дзе цябе адчысцяць ад плям, але як на сустрэчу з Богам, Які абдымае і даруе, лічыць Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.