Пантыфік да бразільскай моладзі: будаваць цывілізацыю любові
Не губляць надзеі
і мараў і быць будаўнікамі новай цывілізацыі любові, заклікаў папа Францішак ўдзельнікаў
сустрэчы бразільскай каталіцкай моладзі, якая пройдзе ў Манаусе, сталіцы штату Амазонас,
25 студзеня 2015 г. Святы Айцец пажадаў маладым вернікам “радавацца жыццю і ставіць
на вялікія ідэалы”. Ён параіў моладзі ўглядацца ў Хрыста, шукаючы праўду і адказы
на самыя важныя жыццёвыя пытанні, якія пастаянна “стукаюць у дзверы сумлення”. “Адкрыцца
на святло Пана і жыць разам з Ім, дзяліць з Ім сваё жыццё, прымаць Яго праніклівы
позірк”, - заклікаў Панрыфік. Усё гэта, на яго думку, адпавядае самым глыбокім памкненням
чалавечага сэрца. Святы Айцец паставіў у прыклад вучняў Хрыста, якія “ад Настаўніка
вучыліся спаўненню сваёй місіі”, і заклікаў “клапаціцца пра хворых, карміць галодных,
жыць са спакойнай радасцю, кіравацца паўсюднай і шчодрай любоўю, якую Бог мае да нас,
прымаць слабых і адкінутых”. І перш за ўсё, “ісці на ўсе чатыры бакі свету і абвяшчаць
самае высокае пакліканне кожнага чалавека – клапаціцца пра годнасць асобы, будаваць
адносіны на падставе залатога правіла: “Стаўся да іншых так, як жадаеш, каб ставіліся
да цябе”.
Францішак выказаў спадзяванне, што маладыя людзі Бразіліі не будуць
абыякавымі перад абліччам пакут сваіх бліжніх, і заклікаў іх уласным жыццём даваць
сведчанне аб Хрысце.