Францішак да паліцэйскіх: усе мы пакліканы ахоўваць бліжняга
Папа Францішак прыняў
22 студзеня 2015 г. дэлегацыю прадстаўнікоў Інспекцыі грамадскай бяспекі пры Ватыкане
з нагоды яе 70-й гадавіны. У сваім звароце да паліцэйскіх Пантыфік выказаў падзяку
за штодзённую працу, якую яны выконваюць з прафесіяналізмам і адданасцю. Па словах
Святога Айца, распачаты новы год прыносіць новыя надзеі і чаканні, але на гарызонце
бачныя таксама небяспекі, якія трывожаць чалавецтва. Ён параіў удзельнікам сустрэчы
не падаць духам, бо хрысціянская надзея абапіраецца на непарушную скалу – любоў Бога.
Святы
Айцец перакананы, што праца паліцыі павінна засноўвацца на чалавечых і хрысціянскіх
каштоўнасцях. “Ваша задача – ахоўваць месцы, якія маюць вялікае значэнне для веры
і жыцця мільёнаў пілігрымаў. Людзі, якія наведваюць сэрца хрысціянскага Рыма, нярэдка
звяртаюцца да вас. Кожны з іх павінен пачувацца спакойна, адчуваючы вашу прысутнасць
і старанне,” – сказаў Пантыфік, і дадаў што “усе мы пакліканы быць ахоўнікамі нашага
бліжняга”.
Інспекцыя грамадскай бяспекі пры Ватыкане з’яўляецца падраздзяленнем
італьянскай паліцыі, якое займаецца аховай Пантыфіка падчас яго падарожжаў, а таксама
аховай плошчы св. Пятра ў Рыме. Дзейнасць інспекцыі прадугледжана Латэранскімі пагадненнямі,
заключанамі паміж Італіяй і Святым Пасадам. У ёй нясуць службу каля 150 паліцэйскіх.