2015-01-22 15:17:42

Прадстаўнік Святога Пасаду: Папа адчувае “здзіўленне і шкадаванне” у сувязі з інтэрпрэтацыяй яго слоў


RealAudioMP3 “Здзіўленне і шкадаванне” адчувае папа Францішак у сувязі з інтэрпрэтацыяй слоў, прамоўленных ім падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта на шляху з Манілы ў Рым. Аб гэтым у інтэрв’ю італьянскай каталіцкай газеце “Avvenire” паведаміў субстытут Святога Пасаду арцыбіскуп Анджэла Бэчу. Пантыфік “здзіўлены” тым фактам, што яго словы, адмыслова выказаныя простай штодзённай мовай, у многіх сродках масавай інфармацыі былі пазбаўлены шырокага кантэксту. Ён адчувае шкадаванне ў сувязі з “замяшаннем”, дэзарыентацыяй, якую выклікалі гэтыя словы, адзначыў вытыканскі іерарх. Святы Айцец ні ў якім разе не жадаў паставіць пад сумнеў прыгажосць і каштоўнасць шматдзетных сем’яў. Сёння падчас агульнай аўдыенцыі ён заявіў, што шмат дзяцей – гэта дар Божы, за які трэба быць удзячнымі.

На яго думку, фразу Святога Айца трэба інтэрпрэтаваць у тым сэнсе, што працягваючы свой род, чалавек не павінен кіравацца логікай жывёльнага інстынкту. Гэта павінен быць адказны ўчынак, заснаваны “на каханні і ўзаемным дарэнні сябе”. На жаль, сучасная культура часта прымяншае сапраўдную прыгажосць і высокую каштоўнасць сужэнскага кахання, з усімі вынікаючымі з гэтага адмоўнымі наступствамі, заўважыў пурпурат.

Што тычыцца фразы пра трое дзяцей, папа Францішак ніякім чынам не хацеў сказаць, што гэта “правільная” колькасць дзяцей у сям’і. Трое дзяцей – гэты той узровень нараджальнасці, які, на думку сацыёлагаў і дэмографаў, дазваляе гарантаваць стабільнасць насельніцтва. Але кожная хрысціянская пара павінна сама вырашаць, з улікам цэлага шэрагу мірскіх і боскіх умоў, колькі дзяцей мець, падкрэсліў кардынал Бэчу.







All the contents on this site are copyrighted ©.