2015-01-21 12:21:29

Святы Айцец прызначыў членаў новай Калегіі ў рамках Кагрэгацыі Веравучэння


RealAudioMP3 Папа прызначыў членаў спецыяльнай Калегіі па апеляцыі да Звычайнай сесіі Кагрэгацыі Веравучэння. Орган быў створаны 11 лістапада 2014 г. у рамках самой узгаданай вышэй ватыканскай дыкастэрыі. Старшынёй Калегіі стаў біскуп Чарльз Шыклуна з Мальты, які яшчэ некалькі гадоў таму быў прамотарам справядлівасці ў Кагрэгацыі Веравучэння. Яе членамі былі прызначаны чатыры ватыканскіх кардыналы: Зянон Грахалеўскі, Ацільё Нікора, Франчэска Кокапальмерыё і Джузэпэ Версальдзі, а таксама арцыбіскуп Расарыё ў Аргентыне Хасэ Луіс Малаган і іспанскі біскуп Хуан Ігнасіа Ар’ета Очоа дэ Чычынтру, сакратар Папскай рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў. Членамі-намеснікамі Пантыфік прызначыў двух ватыканскіх кардыналаў: Хуліана Эранса і Джорджа Карбеліні.

У лістападзе 2014 г. Папа ўстанавіў у рамках Кагрэгацыі Веравучэння спецыяльную Калегію з кардыналаў і біскупаў, якая паклікана займацца апеляцыямі адносна кананічных злачынстваў сур’ёзнай натуры, што былі здзейнены супраць маралі або адносяцца да надужыванняў у здзяйсненні сакрамэнтаў. Аб іх гаворыцца ў 1-6 параграфах Апостальскага ліста Яна Паўла ІІ “Sacramentorum Sanctitatis Tutela”. Усе члены Калегіі прызначаюцца непасрэдна Святым Айцом. Новы орган будзе кіравацца ў сваёй дзейнасці спецыяльна распрацаваным Рэгламентам.

Прычынай рашэння Пантыфіка стала вялікая колькасць зваротаў, што надыходзяць у Кангрэгацыю Веравучэння, і неабходнасць забеспячэння больш хуткага разгляду такога роду спраў.

Кананічныя правапарушэнні, зарэзерваваныя выключна для разгляду Кангрэгацыяй Веравучэння, датычаць чынаў, скіраваных супраць святасці Найсвяцейшага Сакрамэнту, сакрамэнту Эўхарыстыі і сакрамэнту пакаяння. Таксама сюды адносяцца сур’ёзныя злачынствы супраць маралі, напрыклад, грэх супраць шостай запаведзі Дэкалогу, здзейснены святаром з асобай у непаўналетнім узросце да васямнаццацi гадоў.







All the contents on this site are copyrighted ©.