2015-01-20 14:40:49

Ватыканскі іерарх пра значэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян


RealAudioMP3 Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, які распачаўся 18 студзеня 2015 г., завершыцца ў Рыме 25 студзеня экуменічнымі Нешпарамі ў базыліцы св. Паўла за Мурамі з удзелам папы Францішка. Аб важнасці гэтай малітвы піша ў “L’Osservatore Romano” старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Кардынал Курт Кох цытуе словы Святога Айца з “Evangelii Gaudium”: “Улічваючы вагу контр-сведчання падзелу сярод хрысціян, асабліва ў Азіі і Афрыцы, пошук шляхоў адзінства становіцца тэрміновым. Місіянеры на гэтых кантынентах пастаянна кажуць пра крытыку, нараканні і высмейванне, з якімі яны сутыкаюцца ў сувязі са згаршэннем, выкліканым падзеленымі хрысціянамі”. У сваёй апостальскай адгартацыі Францішак адзначыў, што імкненне да адзінства, якое будзе спрыяць прыняццю Хрыста, не можа быць толькі дыпламатыяй; яно павінна стаць “спосабам евангелізацыі”.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі адзначыў, што сёлета адзначаецца 50-годдзе двух важных для экуменізму падзей. 4 снежня 1965 г. у базыліцы св. Паўла за Мурамі было праведзена першае экуменічнае набажэнства пад кіраўніцтвам Біскупа Рыма. Для ўдзелу ў ім Павел VI запрасіў назіральнікаў ад Цэркваў і хрысціянскіх супольнасцяў, што прысутнічалі на ІІ Ватыканскім Саборы, які ў той час падыходзіў да завяршэння. Праз тры дні, 7 снежня, ужо перад самым яго заканчэннем, Папа адклікаў экскамуніку накладзеную ў 1054 г. Львом IX на Канстантынопальскага Патрыярха. Адначасова з абвяшчэннем Паўлам VI гэтага акту, што было зроблена ў ватыканскай базыліцы, Патрыярх Афінагор адмяніў на Фанары ў Стамбуле анафему, якую яго папярэднік дзевяць стагоддзяў таму абвясціў у адносінах да Рымскага Касцёла.

Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян праходзіць штогод з 18 па 25 студзеня. Яго ініцыятарамі выступаюць Папская рада спрыяння хрысціянскаму адзінству і Сусветная Рада Цэркваў. Тыдні малітваў аб еднасці хрысціян праводзяцца з 1968 г. Гэтая ініцыятыва збірае прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій па ўсім свеце на набажэнствах, канферэнцыях, культурных мерапрыемствах, згодна са словамі Хрыста: “Каб усе былі адно”.

Трэба нагадаць, што дэвізам сёлетняга Тыдня з’яўляюцца евангельскія словы “Дай мне піць”, з якімі, паводле св. Яна (4,7), звярнулася да Хрыста Самаранка.

24 студзеня 2015 г. у архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску і катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродна пройдуць экуменічныя малітвы аб еднасці хрысціян з удзелам прадстаўнікоў розных хрысціянскіх канфесій.







All the contents on this site are copyrighted ©.