Сваю “філіпінскую”
частку апостальскага падарожжа ў Азію папа Францішак пачаў з візіту ветлівасці да
Прэзідэнта краіны Бенігна Акіна ІІІ. Менавіта ў прэзідэнцкім палацы, раніцай 16 студзеня
2015 г. адбылася афіцыйная цырымонія прывітання Пантыфіка. Пасля выканання гімнаў
Ватыкана і Філіпін, Святы Айцец пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей, жадаючы кіраўніку
дзяржавы і ўсяму яе насельніцтву, Божых ласкаў “мудрасці, праніклівасці, росквіту
і міру”. Папа правёў прыватную размову з Бенігна Акінам ІІІ, пазнаёміўся з сям’ёй
філіпінскага лідэра і прынёс у дар спецыяльнае факсімільнае выданне марскога атласу
XVI ст. з Ватыканскай апостальскай бібліятэкі, у якім сабраны карты знаёмага еўрапейцам
той эпохі свету. Пасля гэтай кароткай сустрэчы Папа спаткаўся з іншымі прадстаўнікамі
палітычных уладаў Філіпін і членамі дыпламатычнага корпуса.