2015-01-16 14:09:14

Францішак заклікаў філіпінцаў умацоўваць інстытут сям'і


RealAudioMP3 Цэнтральнай падзеяй першага дня падарожжа папы Францішка на Філіпіны, 16 студзеня 2015 г. стала яго сустрэча з сем’ямі. Яна прайшла на тэрыторыі спартыўнага комплексу “Mall of Asia Arena” у Маніле, здольнага ўмясціць каля 20 тыс. чалавек. Сустрэча была пазначана радаснай атмасферай вітання Святога Айца, якое суправаджалася выкананнем традыцыйных спеваў і танцаў, але таксама і балючымі сведчанні сем’яў, якія сутыкнуліся з досведам беднасці, міграцыі і хваробаў. У сваім звароце Пантыфік нагадаў пра важнасць “адпачынку ў Богу”. Паводле слоў Папы, адпачынак неабходны як для фізічнага, так і для псіхічнага здароўя. Адпачываць з Богам, – падкрэсліў ён, – значыць штозённа звяртацца да Яго з малітвай, а не пераўтварацца ў “працоўную сілу”, якая ад стомленасці не мае сіл на малітву. У адваротным выпадку, лічыць Святы Айцец, чалавек губляе пачуццё рэальнасці, адчуванне прысутнасці Бога. Папа нагадаў, што першая школа малітвы – гэта сям'я. Менавіта тут чалавек вучыцца бачыць сябе часткай вялікай сям'і Касцёла, жыць для іншых і разам з іншымі.

Папа падкрэсліў, што вера не адмяжоўвае людзей ад свету, а дапамагае быць актыўнымі, браць удзел у яго падрыхтоўцы да канчатковага вяртання Бога. Сёння многія сем'і жывуць у цяжкіх умовах. На Філіпінах гэта прыродныя катастрофы, эканамічныя цяжкасці, міграцыя, беспрацоўе, фінансавыя праблемы. Многія сем’і жывуць у галечы, іншыя паддаліся ўплыву матэрыялізму і спажывецкага ладу жыцця, якія разбураюць сямейнае жыццё і маральныя асновы хрысціянства, заўважыў Пантыфік. Сем'і сутыкаюцца з ціскам рэлятывізму, культуры эфемернага, якія спрабуюць знішчыць інстытут сужэнства. Францішак заклікаў нягледзячы на ўсё гэта “паўставаць з Езусам і Марыяй” – умацоўваць інстытут сям'і, як “жыццёвы рэсурс грамадства”.

Заданне хрысціян, паводле Папы, заключаецца ў тым, каб быць прароцкім голасам у сваёй супольнасці. Быць уважлівымі да Божага паклікання, як св. Юзаф, які не толькі дапамог ажыццяўленню боскай задумы адносна Марыі і Езуса, але і зрабіў так, каб яны сталі благаславеннем для ўсяго чалавецтва. Разам з Марыяй і св. Юзафам, філіпінскія сем'і таксама павінны стаць прыкладам для моладзі, а значыць і благаславеннем для ўсяго грамадства, адзначыў Францішак.

Святы Айцец правёў паралель паміж місіянерскім характарам сем'яў і Годам бедных, які быў абвешчаны на Філіпінах мясцовым епіскапатам. Ён заклікаў філіпінскія сем’і звярнуць асаблівую ўвагу на бедных, старых, дзяцей-сірот, забытых і пакінутых блізкімі.

Пасля марыйнай малітвы, якая закончыла сустрэчу, Францішак вярнуўся ў апостальскую нунцыятуру, дзе правядзе бліжэйшую ноч.








All the contents on this site are copyrighted ©.