2015-01-16 12:01:53

Папа да філіпінскіх палітыкаў: супрацьстаяць няроўнасці і слухаць голас бедных


RealAudioMP3 Супрацьстаяць сацыяльнай няроўнасці і слухаць голас бедных, заклікаў папа Францішак філіпінскіх палітыкаў і членаў дыпламатычнага корпусу. Пантыфік сустрэўся з імі раніцай 16 студзеня 2015 г. у Прэзідэнцкім палацы ў Маніле. Святы Айцец падкрэсліў, што яго візіт носіць, у першую чаргу, душпастырскі і апостальскі характар: ён упісаны ў падрыхтоўку мясцовага Касцёла да святкавання 500-годдзя першага абвяшчэння слова Езуса Хрыста ў краіне, якое адбудзецца ў 2021 г. Філіпінскаму грамадству Пантыфік выказаў сваю блізкасць у сувязі з пакутамі, стратамі і разбурэннямі нанесенымі тайфунам “Хаян”, які абрынуўся на краіну ў лістападзе 2013 г. Папа выказаў захапленне салідарнасцю філіпінскага народа – пераадоленнем цяжкасцяў з мужнасцю, верай і гераізмам. Такім самым чынам, ён заклікаў адказваць і на іншыя выклікі.

“Сёння Філіпіны, як і іншыя азіяцкія краіны, знаходзяцца перад абліччам выклікаў звязаных з будаваннем сучаснага грамадства на моцных фундаментах; грамадства ў якім бы паважаліся сапраўдныя чалавечыя каштоўнасці; якое б бараніла нашу годнасць і чалавечыя права, заснаваныя на Богу; і якое было б гатова адказаць на новыя і складаныя этычныя і палітычныя праблемы”, сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, дасягненне гэтых мэтаў павінна грунтавацца на сумленнасці, усебаковасці і адказнасці за супольнае дабро з боку палітыкаў і чыноўнікаў. Гэта шлях да таго, каб перадаць будучым пакалення грамадства заснаванае на справядлівасці, салідарнасці і міры.

“Неад’емным для рэалізацыі гэтых нацыянальных мэтаў з’яўляецца маральны імператыў гарантавання сацыяльнай справядлівасці і павагі да чалавечай годнасці”, падкрэсліў Пантыфік. Біблійная традыцыя прадпісвае усім народам абавязак слухаць голас бедных і супрацьстаяць усім формам сацыяльнай няроўнасці, адзначыў ён.

Папа нагадаў, што адной з цэнтральных падзей яго візіту будзе сустрэча з сем’ямі і моладзю. Сям’я мае асаблівую місію ў грамадстве: у ёй моладзь вучыцца каштоўнасцям. Таму яна павінна быць умацавана, а не знішчана ці дэфармавана, сказаў Пантыфік і дадаў, што сем’і і мясцовыя супольнасці павінны выконваць сваю ролю ў стварэнні ўсеахопліваючай культуры дабрыні, салідарнасці, вернасці, як моцных фундаментаў і маральнай базы, што дазволіць грамадству жыць разам.








All the contents on this site are copyrighted ©.